1 КАРЫНФЯНАЎ 1 - Кнігі Святога Пісання - Біблія - Біблія — пераклад Чарняўскага (выданне 2017 года)1 Паўла, з волі Божай пакліканы Апостал Ісуса Хрыста, ды брат Састэн 2 Божай царкве, што ў Карынце, асвечаным у Ісусе Хрысце ды пакліканым святым разам з усімі, што прызываюць імя Госпада нашага Ісуса Хрыста ў кожным месцы, у іх ды ў нас: 3 ласка вам і супакой ад Бога Айца нашага і Госпада Ісуса Хрыста. 4 Дзякую заўсёды за вас Богу майму, за ласку Божую, дадзенаю вам у Хрысце Ісусе, 5 бо ў Ім вы ва ўсім сталіся багатымі, усякім словам і ўсякім веданнем, 6 бо сведчанне Хрыстова ўмацавалася ў вас, 7 так што не маеце ніякай нястачы ласкі ў чаканні аб’яўлення Госпада нашага Ісуса Хрыста, 8 Які і ўмацуе вас да канца, каб былі без заганы ў дзень Госпада нашага Ісуса Хрыста. 9 Верны Бог, Якім вы пакліканы да супольнасці з Сынам Яго Ісусам Хрыстом, Госпадам нашым. 10 Браты, у імя Госпада нашага Ісуса Хрыста малю вас, каб усе вы гаварылі адно і каб не было сярод вас падзелаў, каб вы былі дасканалымі, аднаго духа і аднае думкі. 11 Бо тыя, што ў Хлоі, паведамілі мне пра вас, браты мае, што здараюцца між вамі спрэчкі. 12 Я кажу тое, што кожны ў вас кажа: «Я Паўлаў», «Я Апалосаў», «Я Кіфаў», «А я Хрыстоў». 13 Ці ж Хрыстос падзяліўся? Ці ж Паўла быў за вас укрыжаваны? Ці ў імя Паўлы вы ахрышчаны? 14 Дзякую Богу, што, апрача Крыспа і Гая, я нікога з вас не ахрысціў, 15 каб ніхто не казаў, што я хрысціў у маё імя. 16 Праўда, ахрысціў я таксама дом Сцяпана. А больш не ведаю, ці ахрысціў яшчэ каго. 17 Бо не паслаў мяне Хрыстос хрысціць, але несці добрую вестку; не ў мудрасці слова, каб не адмяніць крыжа Хрыстова. 18 Бо слова крыжа для тых, што ідуць у пагібель, ёсць вар’яцтва, а тым, што ідуць у збаўленне, – сіла Божая. 19 Бо напісана: «Загублю мудрасць мудрых і кемлівасць разумных знішчу». 20 Дзе мудрэц? Дзе кніжнік? Дзе даследчык гэтага веку? Ці не зрабіў Бог мудрасць гэтага свету дурнотай? 21 Калі ж свет мудрасцю не пазнаў Бога ў мудрасці Божай, дык спадабалася Богу праз вар’яцтва прапаведніцтва збавіць веруючых. 22 Бо юдэі дамагаюцца знакаў, і грэкі шукаюць мудрасці; 23 а мы прапаведуем Хрыста ўкрыжаванага, Які для юдэяў – згаршэнне, а для паганаў – вар’яцтва, 24 для тых жа, што пакліканы, ці з юдэяў, ці з грэкаў, Хрыстос – моц Божая ды мудрасць Божая. 25 Бо тое, што неразумнае ў Бога, мудрэйшае за людзей, а што кволае ў Бога – мацнейшае за людзей. 26 Дык вы, браты, паглядзіце на ваша пакліканне, што няшмат з вас мудрых паводле цела, нямнога магутных, няшмат высакародных; 27 але Бог выбраў неразумнае свету, каб пасароміць мудрых, і кволае свету, каб пасароміць магутных, 28 і невысакароднае свету, і пагарджанае выбраў Бог, і тое, што нікчэмнае, каб знішчыць тое, што нечым ёсць, 29 каб ніводнае цела не выхвалялася перад Богам. 30 Дзякуючы Яму і вы ёсць у Хрысце Ісусе, Які ад Бога стаўся для нас мудрасцю, справядлівасцю, пасвячэннем і адкупленнем, 31 каб было, як напісана: «Хто хваліцца, хай Госпадам хваліцца». |
© МХРБ «Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь», 2017
Bible Society of Belarus (the Republic of)