Гэтая кніга не натхнёная Богам і не з'яўляецца часткай ні хрысціянскага канону, ні яўрэйскага Танаха. Яна паказваецца толькі ў гістарычных і даследчых мэтах. Паглядзець поўнае тлумачэнне 1-я Кніга Макабэяў 6 - Кнігі Святога Пісання - Біблія - Біблія — пераклад Чарняўскага (выданне 2017 года)1 І цар Антыёх у паходзе праз горныя рэгіёны даведаўся, што ў Персіі ёсць горад Элімаіда, слаўны багаццямі: срэбрам і золатам, – 2 і што ў ім ёсць святыня, з багаццямі вялікімі, і што завесы там залатыя, і панцыры, і шчыты, якія пакінуў там цар Мацэдоніі Аляксандр Піліпаў, які першы цараваў у Грэцыі. 3 Ды ён прыбыў і стараўся ўзяць той горад, і абрабаваць яго, і не змог, бо жыхары горада дазналіся пра яго намеры. 4 І яны стойка працівіліся яму ў баі. І ён мусіў адступіць адтуль і з вялікаю горыччу адышоў, каб вярнуцца ў Бабілонію. 5 І прыйшоў той, хто паведаміў яму ў Персіі, што дружыны, пасланыя ў Юдэю, змушаныя былі ўцякаць, 6 і што Лісія з моцным войскам выступіў першым і ўцёк ад іх, і што яны сталі мацнейшымі зброяй, і войскам ды вялікай здабычай, якую забралі ад разгромленых войскаў, 7 і што разбурылі яны агіднасць, якую ён пабудаваў на ахвярніку, што быў у Ерузаліме, і што святыню абвялі высокімі мурамі, як раней, і што Бэтсур – яго горад. 8 Калі цар пачуў аб гэтых падзеях, здзівіўся і надта спалохаўся, і ўпаў на ложак, і захварэў з-за смутку, што не здарылася з ім так, як ён хацеў. 9 І шмат дзён ён так праляжаў, бо аднавіўся ў ім вялікі смутак, і думаў, што памрэ. 10 І сабраў усіх прыяцеляў сваіх і сказаў ім: «Адступіў сон ад маіх вачэй, і гора сціскае маё сэрца, 11 ды сказаў я ў сэрцы сваім: да якога гора дажыў я і да вялікай няўпэўненасці, у якой я цяпер апынуўся? Бо быў я спагадны і любімы ў сваім валадаранні! 12 Цяпер жа прыпамінаю сабе злачынствы, якія я дапусціў у Ерузаліме, адкуль забраў я ўсе пасудзіны залатыя і срэбраныя, якія былі там, ды паслаў я загубіць жыхароў Юдэі без прычыны. 13 Знаю, што таму гэтыя беды нахлынулі на мяне; і, вось, прападаю з вялікага болю ў чужой зямлі». 14 І паклікаў Піліпа, аднаго са сваіх прыяцеляў, і паставіў яго правіцелем над усім сваім царствам; 15 і ўручыў яму вянец, і плашч свой, і пярсцёнак, каб прывёз сына яго, Антыёха, і вывучыў яго цараваць. 16 І там цар Антыёх памёр у сто сорак дзевятым годзе. 17 І Лісія даведаўся, што цар памёр, і паставіў царом сына яго Антыёха, якога выгадаваў ад дзяцінства; і даў яму прозвішча Эўпатар. 18 І тыя, што жылі ў крэпасці, вакол святынь, нападалі на Ізраэль, і заўсёды рабілі яму зло, і падтрымлівалі паганаў. 19 І Юда рашыўся знішчыць іх, і склікаў увесь народ, каб зрабіць асаду іх. 20 Ды сышліся разам і асадзілі іх у сто пяцідзесятым годзе, і навялі на іх каменямёты і машыны асадныя. 21 І з паміж асаджаных выйшла некалькі, і да іх далучыліся некаторыя бязбожныя ізраэльцы, 22 і пайшлі да цара, і казалі: «Чаму так доўга не чыніш суд і не адпомсціш за нашых братоў? 23 Мы рашыліся служыць бацьку твайму, і спаўняць загады яго, і падначальвацца загадам яго; 24 і дзеля таго сыны народа нашага асадзілі крэпасць, і сталі для нас ворагамі, і забівалі кожнага з нашых, каго схапілі, ды рабавалі нашу маёмасць. 25 І выцягнулі рукі не толькі супраць нас, але таксама супраць усіх тваіх межаў; 26 і вось сёння наблізіліся да крэпасці ў Ерузаліме, каб узяць яе, і ўмацавалі і святыні, і Бэтсур. 27 Ды калі не апярэдзіш іх хутчэй, то яшчэ горшых рэчаў дапусцяцца і ўжо не зможаш іх стрымаць». 28 І калі цар гэта пачуў, раззлаваўся, і склікаў усіх сваіх прыяцеляў, і кіраўнікоў свайго войска, і кіраўнікоў конніцы; 29 але і з другіх дзяржаў і марскіх астравоў прыбылі да яго наёмныя войскі. 30 І лік яго войска быў сто тысяч пешых, і дваццаць тысяч коннікаў, і трыццаць два сланы, навучаныя бою. 31 І прайшлі яны праз Ідумею, і да Бэтсура наблізіліся. І многа дзён ваявалі, і пабудавалі машыны аблогавыя, і асаджаныя выйшлі і спалілі іх агнём ды храбра ваявалі. 32 І Юда адступіў ад крэпасці і перамясціў лагер да Бэтзахары насупраць царскага лагера. 33 І ўстаў цар перад світаннем, і вывеў імкліва сваё войска на дарогу Бэтзахары, і падрыхтаваліся войскі да бою, і затрубілі ў трубы, 34 і сланам падалі сок вінаграду і смакоўніцы, каб раз’юшыць іх да бою. 35 І раздзялілі жывёл на групы, і паставілі да кожнага слана па тысячы ваяроў у жалезных кальчугах і з меднымі шлемамі на галовах іх, і па пяцьсот адборных коннікаў прыстаўлена было да кожнага слана. 36 Яны ўжо раней былі там, дзе быў слон, і, дзе ён ішоў, ішлі; не адступалі ад яго. 37 І на іх былі моцныя драўляныя вежы, пакрываючыя кожнага слана, п рымацаваны я спецы я льным прыстройствам з ваеннымі прыладамі, ды на кожным – чатыры ваяры, якія з яе ваявалі, а апрача ўсяго, індус, які кіраваў сланом. 38 І астатніх коннікаў расставіў на адным і другім баку, на двух баках войска, каб запалохаць ворагаў і абараніць флангі, якія ваявалі. 39 І калі сонца засвяціла на залатыя і медныя шчыты, то заблішчэлі ад іх горы ды засвяцілі, як светачы агню. 40 Адна частка войска царскага расцягнулася па высокіх гарах, і некаторыя – на нізінах; і ішлі яны асцярожна і стройна. 41 І задрыжэлі ўсе, чуючы мнагалюдны гармідар, і хаду натоўпу, і грукат зброі; было бо гэта вельмі вялікае і моцнае вайска. 42 І Юда са сваім войскам наблізіўся, каб уступіць у бой, ды з царскага войска пала шэсцьсот ваяроў. 43 І Элеазар Абаран убачыў, што адзін са сланоў мае на сабе царскую кальчугу і ён быў большы за іншых сланоў; і здалося яму, што на ім быў цар; 44 дык аддаў сябе, каб вызваліць свой народ ды заручыцца вечнай славай. 45 І ён адважна падбег да яго праз сярэдзіну дружыны, забіваючы направа і налева, і адступалі ад яго на адзін і на другі бок; 46 і кінуўся пад слана, і лёг пад ім, і забіў яго, і той упаў на зямлю на яго, і памёр ён там. 47 І яны, убачыўшы сілу царства і ўпартасць войска, адышлі ад іх. 48 Часць войска цара накіравалася супраць іх у бок Ерузаліма, і цар наблізіўся да Юдэі і гары Сіён, каб ваяваць супраць юдэяў. 49 І з тымі, што былі ў Бэтсуры, заключыў мір; і выйшлі яны з горада, бо не мелі там харчоў, бо былі замкнёныя ў ім, бо быў у зямлі год шабату. 50 Дык цар захапіў Бэтсуру, і пакінуў там варту, каб сцерагчы яе. 51 Сам жа распачаў асаду святыні, якая трывала доўгі час; і паставіў там каменямёты і аблогавыя машыны, прылады для кідання агню і стрэлаў. 52 Але і юдэі зрабілі машыны супраць іх машын і ваявалі многа дзён; 53 і не хапіла, аднак, у свірнах харчоў, бо быў гэта сёмы год, і рэшту запасаў з’елі тыя, хто прыйшоў з паганаў у Юдэю. 54 І ў святыні засталося ўжо няшмат абаронцаў, бо голад іх ахапіў, і паразыходзіліся кожны ў сваю мясцовасць. 55 І Лісія даведаўся, што Піліп, якому цар Антыёх яшчэ за жыццём даручыў гадаваць сына свайго, Антыёха, на цара, 56 вярнуўся з Персіі і Мідыі і войска, якое пайшло з ім, і што ён намагаецца стаць царом. 57 Ён паспяшаўся і даў знак ісці і сказаў цару, і кіраўнікам войска, і ваярам: «Памяншаецца штодзень лік наш, і харчавання нам нестае, і месца, якое асаджаем, умацаванае, і ляжаць на нас справы дзяржавы. 58 Дык зараз пададзім правіцу тым людзям, і заключым з імі супакой і з усім іх народам, і дамовімся з імі: 59 хай жывуць па сваіх законах, як раней; разгневаліся бо яны на нас, што мы іх законы забаранілі, і таму ўсё гэта зрабілі». 60 І спадабалася гэта мова цару і кіраўнікам, дык паслаў да іх заключыць супакой, і яны прынялі яго. 61 І пакляліся ім цар і кіраўнікі. Дзеля гэтых умоў выйшлі з умацавання. 62 І цар увайшоў у гару Сіён і ўбачыў, як умацавана тое месца, і зламаў клятву, якою пакляўся, і загадаў зламаць навакольны мур. 63 І адправіўся паспешна, і вярнуўся ў Антыёхію; і застаў Піліпа, які правіў горадам, дык ваяваў з ім і сілаю ўзяў горад. |
© МХРБ «Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь», 2017
Bible Society of Belarus (the Republic of)