Гэтая кніга не натхнёная Богам і не з'яўляецца часткай ні хрысціянскага канону, ні яўрэйскага Танаха. Яна паказваецца толькі ў гістарычных і даследчых мэтах. Паглядзець поўнае тлумачэнне 1-я Кніга Макабэяў 3 - Кнігі Святога Пісання - Біблія - Біблія — пераклад Чарняўскага (выданне 2017 года)1 І замясціў яго сын яго – Юда, які зваўся Макабэй. 2 І падтрымалі яго ўсе браты яго ды ўсе, якія раней далучыліся да бацькі яго; і ваявалі за Ізраэль з радасцю. 3 І ён пашырыў славу народа свайго, і апрануў на сябе панцыр, як велікан, і падперазаўся ваеннаю зброяю сваёй, і правёў бітву, абараняючы лагер мечам. 4 У дзейнасці сваёй быў падобны да льва і да рыкаючага львяняці, калі ён кідаецца на здабычу; 5 і пераследаваў бязбожных; вышукваў іх ды паліў тых, якія крыўдзілі яго народ. 6 І дрыжэлі ад страху ліхотнікі ды ўсе злачынцы былі напалоханы; і ўдавалася яму ратаваць паспяхова. 7 І ён раззлаваў многіх цароў; і Якуб цешыўся з яго дзейнасці, і навечна застанецца памяць пра яго з дабраславеннем. 8 І прайшоў па гарадах Юды, і выгубіў у ёй бязбожных, і адвярнуў гнеў ад Ізраэля, 9 і імя яго было вядомым аж на ўскрайку зямлі, і сабраў ён гінучых. 10 Вось жа, Апалоній сабраў паганаў і вялікае войска з Самарыі, каб ваяваць супраць Ізраэля. 11 І даведаўся аб гэтым Юда, і выступіў супраць яго; і перамог яго, і забіў, і многія загінулі, пакалечаныя, і іншыя паўцякалі. 12 І яны забралі здабычу іх, і меч Апалонія забраў Юда; і ён ваяваў ім усё жыццё сваё. 13 І Сэрон, кіраўнік сірыйскага войска, пачуў, што Юда сабраў сход і сазваў да сябе людзей верных, каб ісці ваяваць, 14 ды сказаў ён: «Праслаўлю імя сваё, і славу сабе здабуду ў царстве, і адолею Юду і тых, што з ім разам, бо яны пагарджаюць загадам царскім». 15 І адправіўся ён, і з ім пайшло войска бязбожных моцнае, у дапамогу яму, каб чыніць помсту на сынах Ізраэля. 16 І наблізіўся аж да ўзгорка Бэтарон, і супраць яго выйшаў Юда з малой дружынай. 17 Калі ж яны ўбачылі войска, што ішло на іх, сказалі Юдзе: «Нас так мала і мы сёння слабыя, бо нічога не елі, ці зможам ваяваць супраць такога вялікага і дужага войска?» 18 Юда сказаў: «Лёгка могуць быць адданыя многія ў рукі нямногіх; і перад небам няма розніцы, многімі вызваліць, ці нямногімі, 19 бо перамога ў баі залежыць не ад мноства войска, але яго сіла – ад неба. 20 Яны ідуць на нас, поўныя пыхлівасці і злачыннасці, каб знішчыць нас, і жонак нашых, і дзяцей нашых ды каб абрабаваць нас; 21 мы ж ваюем за жыццё нашае і за законы нашыя, 22 і Сам Госпад сатрэ іх перад абліччам нашым; вы ж іх не бойцеся». 23 Калі ж перастаў гаварыць, напаў ён на іх раптоўна; і Сэрон, і войска яго былі пабіты перад абліччам яго. 24 І пераследаваў яго аж да спуску Бэтарон, аж да раўніны, і пала іх восемсот чалавек; а іншыя ўцяклі ў Філістынскую зямлю. 25 Ды ахапіў страх перад Юдам і братамі яго, і жах напаткаў паганаў вакол іх; 26 і слава імя яго дайшла да цара ды пра бітвы Юды расказвалі ўсе народы. 27 Антыёх, пачуўшы гэтыя апавяданні, закіпеў у душы гневам; і разаслаў вестуноў, і сабраў войска з усяго царства свайго, армію надта вялікую. 28 І адчыніў скарбоўню сваю, і выдаў утрыманне войску на ўвесь год, і загадаў ім, каб былі прыгатаваны да ўсяго. 29 І вось заўважыў, што нестае грошай у яго скарбоўнях і што падаткі краіны малыя з прычыны разладу і няшчасця, якое ўчыніў у гэтай зямлі, каб скасаваць законы, якія былі ад найдаўнейшых часоў; 30 ды забаяўся, што, як не раз і не два здаралася, не будзе мець грошай на пакупкі і дарункі, якія раней раздаваў шчодрай рукой, і быў шчадрэйшы за папярэдніх цароў. 31 І дужа быў заклапочаны гэтым, і рашыўся ісці ў Персію, і ўзяць падаткі з тых рэгіёнаў, і сабраць многа срэбра. 32 І над царскімі справамі пакінуў ён Лісію, чалавека вяльможнага і з царскага роду, на тэрыторыі ад ракі Эўфрат аж да межаў Егіпта, 33 і даручыў яму на выхаванне сына свайго Антыёха аж да свайго вяртання. 34 І перадаў яму палову войска, і сланоў, і даў яму загады адносна ўсяго, што хацеў, і ў дачыненні жыхароў Юдэі і Ерузаліма, 35 каб ён паслаў супраць іх войска, дзеля знішчэння і выкаранення сілы Ізраэля ды астаткаў Ерузаліма, ды каб сцерці памяць аб іх на тым месцы, 36 ды каб пасяліць ва ўсіх граніцах іх чужых жыхароў і зямлю іх падзяліць жэрабем. 37 І цар забраў другую палову свайго войска і ў сто сорак сёмым годзе адправіўся з горада царства свайго, Антыёхіі, і пераправіўся праз раку Эўфрат, і прабіраўся праз гарыстыя краіны. 38 І Лісія выбраў Пталемея, сына Дарымэна, і Міканора, і Горгію – мужчын магутных паміж прыяцеляў цара, – 39 і паслаў з імі сорак тысяч чалавек і сем тысяч коннікаў, каб пайшлі ў зямлю Юды ды спустошылі яе па царскім загадзе. 40 І адправіліся яны з усім сваім войскам; і прыбылі; і непадалёку ад Эмауса паставілі лагер на раўніне. 41 І пачулі імёны іх купцы краіны, і набралі надта многа срэбра і золата, таксама кайданы на ногі, і прыйшлі ў лагер, каб узяць ізраэльцаў за нявольнікаў, і далучыліся да іх дружыны з Сірыі і з зямлі чужынцаў. 42 І Юда, і браты яго ўбачылі, што памножыліся беды і што войска наблізілася да межаў іх, і даведаліся пра загад цара, каб знішчыць народ зусім, да астатку. 43 Ды сказалі адзін аднаму: «Паўстаньма супраць знішчэння народа нашага і ваюйма за наш народ і святых нашых». 44 Ды сабраўся сход, каб былі яны гатовыя да бою ды каб маліліся і прасілі міласэрнасці і літасці. 45 І Ерузалім быў неабжыты, быццам пустыня; паміж сыноў яго ніхто не ўваходзіў і ніхто не выходзіў, і святыня тапталася, і сыны чужынцаў пражывалі ў крэпасці; там было прыстанішча паганаў. І аднята была ад Якуба радасць, і зніклі флейта і цытра. 46 І сышліся, і пайшлі ў Міцпу насупраць Ерузаліма, таму што ў Міцпе было калісьці месца малення для Ізраэля; 47 і ў той дзень посцілі, і ўсклалі на сябе зрэбніцы, і галовы свае пасыпалі попелам, і параздзіралі на сабе адзенне, 48 і разгарнулі кнігу закону з тою мэтаю, з якой пагане пытаюцца ў статуй сваіх ідалаў; 49 і прынеслі святарскія шаты, і першыя плады, і дзесяціны, і паклікалі назіраў, якія напоўніліся днямі, 50 і заклікалі ўголас да неба, пытаючыся: «Што маем рабіць з імі і куды маем іх весці? 51 І святыні Твае стаптаныя і спаганеныя, і святары Твае ў жалобе і ў пакоры; 52 і, вось, пагане сабраліся супраць нас, каб нас загубіць; Ты знаеш іх намеры адносна нас. 53 Як зможам мы супрацьстаяць ім, калі Ты не дапаможаш нам?» 54 І затрубілі ў трубы, і загаманілі моцным голасам. 55 І затым Юда паставіў кіраўнікоў над народам, тысячнікаў, і сотнікаў, і пяцідзесятнікаў, і дзесятнікаў, 56 і сказаў тым, якія будавалі дамы, і жаніліся, і закладалі вінаграднікі, і баяліся, што па законе кожны вернецца ў дом свой. 57 І зняліся з лагера і размясціліся на поўдзень ад Эмауса. 58 І Юда загадаў: «Падперажыцеся і будзьце сынамі моцнымі, і падрыхтуйцеся да раніцы, бо пойдзем змагацца супраць тых народаў, што сабраліся супраць нас, каб знішчыць нас і нашы святыні; 59 бо лепш нам памерці ў баі, чым глядзець на гора народа нашага і святых. 60 А якая будзе воля на небе, хай так станецца». |
© МХРБ «Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь», 2017
Bible Society of Belarus (the Republic of)