Гэтая кніга не натхнёная Богам і не з'яўляецца часткай ні хрысціянскага канону, ні яўрэйскага Танаха. Яна паказваецца толькі ў гістарычных і даследчых мэтах. Паглядзець поўнае тлумачэнне 1-я Кніга Макабэяў 16 - Кнігі Святога Пісання - Біблія - Біблія — пераклад Чарняўскага (выданне 2017 года)1 І адправіўся Ёан з Газары, і расказаў бацьку свайму Сімону, што зрабіў Цэндэбэй. 2 І Сімон паклікаў двух старэйшых сыноў сваіх: Юду і Ёана ды сказаў ім: «Я, і браты мае, і сям’я бацькі майго ад юнацтва аж па сённяшні дзень ваявалі з непрыяцелямі Ізраэля, і многа раз удавалася нашымі рукамі вызваляць Ізраэль. 3 Цяпер жа я ўжо стары, а вы, дзякуючы міласэрнасці Божай, знаходзіцеся ў сталых гадах; заступіце на месца маё і брата майго, і выступіце, і ваюйце за наш народ; хай жа вам неба дапаможа». 4 І выбраў з краю дваццаць тысяч ваяроў і коннікаў; і яны направіліся супраць Цэндэбэя, і пераначавалі ў Модзіне, 5 І рана ўсталі ды пайшлі на раўніну. І вось, супраць іх вялікае войска пешых і коннікаў, і між імі была рэчка. 6 І паставіў ён лагер, ён і народ яго, і заўважыў, што людзі баяцца перапраўляцца праз раку; ды першы пераправіўся, і ваяры яго ўбачылі, і пераправіліся за ім. 7 І ён раздзяліў сваіх людзей, і конніцу паставіў пасярэдзіне пешых; непрыяцелі ж мелі конніцу надта вялікую. 8 І затрубілі ў трубы, і Цэндэбэй з войскам сваім пачаў уцякаць, і пала ў іх многа раненых; а астатнія скрыліся ў крэпасці. 9 Тады Юда, брат Ёана, быў паранены. Ёан жа пераследаваў іх, аж пакуль не дайшоў да Цэдрона, які адбудаваў. 10 І ўцяклі яны аж да вежаў, пабудаваных на палях Азота; ды агнём спаліў ён іх, і пала з іх дзве тысячы ваяроў. І спакойна вярнуўся ў Юдэю. 11 І кіраўніком на раўніне Ерыхонскай быў назначаны Пталемей, сын Абуба, які меў многа срэбра і золата, 12 бо быў ён зяцем першасвятара. 13 І ўзвысілася сэрца яго, і хацеў завалодаць краем, і меўся падступна выдаліць Сімона і яго сыноў. 14 Сімон жа, аб’язджаючы гарады краю ды рупячыся аб іх, у Ерыхон прыбыў сам і сыны яго: Мататыя і Юда; было гэта ў сто семдзесят сёмым годзе, у адзінаццатым месяцы, гэта значыць у месяцы Сабат. 15 І сын Абуба падступна прыняў іх у малай крэпасці, званай Док, якую сам пабудаваў; і падрыхтаваў ім вялікі баль ды схаваў там ваяроў. 16 І калі Сімон і яго сыны былі п’яныя, падняўся Пталемей і яго прыхільнікі, і схапілі зброю сваю, і ўварваліся на баль, і забілі яго разам з двума сынамі яго і некалькімі людзьмі з яго дружыны. 17 І дапусціўся вялікай здрады, і ліхам адплаціў за дабро. 18 І Пталемей напісаў пра гэта, і паслаў да цара з просьбай адправіць яму войска на дапамогу, і ён аддасць яму край і гарады. 19 І іншых паслаў у Газару, каб забіць Ёана; і тысячнікам разаслаў лісты, каб прыбылі да яго і каб даць ім срэбра, і золата, і дарункі. 20 І іншых паслаў, каб занялі Ерузалім і гару святыні. 21 І нехта раней дабег у Газару, і паведаміў Ёану, што загінуў бацька яго, і браты яго, і што: «Паслаў, каб таксама забіць і цябе». 22 Калі ж ён пачуў гэта, спалохаўся надта, і схапіў тых людзей, якія прыбылі забіць яго. 23 І іншае са слоў Ёана, і яго баі, і подзвігі, якія выканаў з мужнасцю, і адбудаванне муроў, якія пабудаваў, ды ўся яго дзейнасць – 24 запісана гэта ўсё ў кнігах дзён святарства яго, ад часу таго, як стаў ён па сваім бацьку першасвятаром. |
© МХРБ «Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь», 2017
Bible Society of Belarus (the Republic of)