Гэтая кніга не натхнёная Богам і не з'яўляецца часткай ні хрысціянскага канону, ні яўрэйскага Танаха. Яна паказваецца толькі ў гістарычных і даследчых мэтах. Паглядзець поўнае тлумачэнне 1-я Кніга Макабэяў 14 - Кнігі Святога Пісання - Біблія - Біблія — пераклад Чарняўскага (выданне 2017 года)1 У сто семдзесят другім годзе цар Дэмэтрый сабраў сваё войска і накіраваўся ў Мідыю, каб атрымаць дапамогу ў вайне з Трыфанам. 2 І Арсак, цар Персіі і Мідыі, даведаўся, што Дэмэтрый увайшоў на яго тэрыторыю, і паслаў аднаго са сваіх кіраўнікоў, каб схапіць яго жывым. 3 І ён пайшоў, і разбіў войска Дэмэтрыя, і схапіў яго, і прывёў яго да Арсака, і той пасадзіў яго ў вязніцу. 4 І ва ўсе дні Сімона ў зямлі Юдэйскай жылі спакойна; і ён рупіўся пра дабрабыт для свайго народа; і яго валадаранне спадабалася ім, і слава яго ва ўсе дні. 5 І з поўнаю славаю сваёй узяў Ёпэ дзеля прыстані і адкрыў доступ да марскіх астравоў. 6 І ён пашырыў межы народа свайго і завалодаў краем. 7 І ён сабраў мноства палонных і заваладарыў над Газарай, і Бэтсурай, і крэпасцю; і выкінуў нячыстасці з іх, ды ніхто не мог яму супрацівіцца. 8 І кожны абрабляў зямлю сваю спакойна; і зямля прыносіла належны плён, і дрэвы на палях – сваю садавіну. 9 Старцы сядзелі на вуліцах, усе размаўлялі аб дабрабыце грамадскім, і юнакі апраналіся ў славу і ваенную зброю. 10 І гарадам раздаваў ён правіянт, і ўладкоўваў іх, каб былі ўзорнымі крэпасцямі, дакуль будзе ўпамінацца Яго слаўнае імя аж на краю зямлі. 11 Устанавіў супакой на зямлі, і вельмі радуецца Ізраэль. 12 І кожны сядзіць пад вінаградным кустом сваім і пад фігавым дрэвам. 13 Не стала на зямлі нападаючага на іх, у тыя дні цары былі знішчаны. 14 І ён успамог усім бедным у народзе сваім, і ён спаганяў закон і выдаліў усякую няправасць і ліха. 15 Ён уславіў святыню і павялічыў святыя пасудзіны. 16 І ў Рыме даведаліся, што памёр Ёната; ды надта засумавалі – аж да спартанцаў. 17 Але калі пачулі, што на яго месца першасвятаром быў выбраны брат яго Сімон, ды што ён гаспадарыць над краем і гарадамі, што ў ім пабудаваны, 18 напісалі яму ліст на медных табліцах, што хочуць з ім аднавіць сяброўства і саюз, які быў заключаны з яго братамі: Юдам і Ёнатам; 19 і прачытаны былі яны перад сходам у Ерузаліме. 20 І вось копія лістоў, якія прыслалі спартанцы: «Правіцель спартанцаў разам з горадам – першасвятару Сімону, і старэйшынам, і святарам, і астатняму народу Юдэйскаму, сваім братам, – прывітанне. 21 Вестуны, якія былі пасланы да нашага народа, расказалі нам аб вашай славе і пашане, і ўзрадаваліся мы з іх прыбыцця, 22 і тое, што яны сказалі, мы запісалі ў рашэннях народа так: “Вестуны юдэйскія: Нумэній, сын Антыёха, ды Антыпатр, сын Язона, прыбылі да нас, каб узнавіць сяброўства. 23 І народ рашыў, што вестуноў трэба прыняць урачыста, а копію таго, што яны скажуць, памясціць у кнігах, прызначаных для народа, каб народ спартанцаў бярог памяць аб іх. Копія ж іх зроблена для першасвятара Сімона”. 24 Па гэтым жа паслаў Сімон Нумэнія ў Рым з вялікім залатым шчытом вагою ў тысячу мінаў, каб заключыць з імі саюз. 25 Калі ж пачуў аб гэтым народ, то сказаў: “Якім чынам аддзячым мы Сімону і яго сынам? 26 Ён сам, і браты яго, і дом бацькі яго змаглі выгнаць ворагаў Ізраэля паміж іх; ды яны далі яму свабоду”. Дык апісалі яны на медных табліцах ды памясцілі ў надпісах на гары Сіён. 27 І вось копія надпісу: “У васемнаццаты дзень месяца Элул, у сто семдзесят другім годзе, у трэцім годзе вялікага першасвятара Сімона, у Азарамэлі, 28 на вялікім сходзе святароў, і народа, і князёў народа, і старэйшын краю паведамлена нам вось што: 29 што адбыліся многія баі ў краі, а Сімон, сын Мататыі, сын з сыноў Ёарыба, поруч браты яго выставілі сябе на небяспеку і далі адпор ворагам народа свайго, каб зберагчы святыні свае і закон; і праславілі яны свой народ вялікаю славай. 30 І Ёната сабраў свой народ, і стаў ім першасвятаром, і быў далучаны да народа свайго. 31 І іх ворагі захацелі ўварвацца ў іх край, каб знішчыць яго і працягнуць рукі да святынь іх, 32 тады выступіў Сімон і ваяваў у абароне свайго народа, і аддаў вялікія грошы, і ўзброіў ваяроў войска свайго народа, і выплаціў ім жалаванне. 33 І ён умацаваў юдэйскія гарады, а таксама Бэтсуру, што была на межах Юдэі, дзе раней было войска ворагаў, і памясціў там варту з юдэйскіх ваяроў; 34 Умацаваў таксама Ёпэ, што была над морам, і Газару, што на межах Азота, дзе раней пражывалі непрыяцелі, і ён пасяліў там юдэяў ды даў ім усё, што было патрэбнае да дабрабыту іх. 35 І народ убачыў веру Сімона і славу, якую думаў здабыць свайму народу; і паставілі яго сваім правіцелем і першасвятаром, бо ўсё гэта ён зрабіў: і справядлівасць, і веру, якую збярог у сваім народзе, і ўсякім чынам стараўся ўзвысіць свой народ. 36 І ў яго дні яго рукамі ўдалося выгнаць паганаў з іх краю ды тых, што пражывалі ў горадзе Давідавым, у Ерузаліме, якія пабудавалі сабе крэпасць, з якой рабілі напады і ўсе святыні кругом паганілі, і гэтым рабілі вялікія шкоды яе чысціні; 37 і памясціў у ім юдэяў ваяроў ды ўмацаваў яго болей, каб быў абаронай для краю і для горада, і павысіў муры Ерузаліма. 38 І цар Дэмэтрый за гэта даў яму першасвятарства 39 і паставіў яго сваім прыяцелем, і ўшанаваў яго вялікаю славай. 40 Пачуў бо, што рымляне называюць юдэяў прыяцелямі і саюзнікамі ды братамі, і што пасланнікаў Сімона прынялі з гонарам, 41 і што юдэі і святары згадзіліся, каб Сімон быў у іх правадыром і першасвятаром навек, пакуль не з’явіўся здавераны прарок, 42 і каб ён быў ім ваенным кіраўніком і каб меў клопат аб святынях, каб праз яго ён вызначаў наглядчыкаў за ўсімі работамі, і за краем, і за войскам ды за крэпасцямі; 43 і каб рупіўся аб святынях, і каб яго слухалі; і каб яго імем пісаліся ўсе дамоўленасці ў краі, ды каб апранаўся ў пурпур і золата; 44 і каб нельга было нікому з народа ані паміж святароў адмаўляць штосьці з гэтага і працівіцца яго пастановам, або без яго самога склікаць сход у краі і апранацца ў пурпур, ані карыстацца залатой засцежкай; 45 а кожны, хто зробіць штосьці супраць гэтага або зменіць штосьці з гэтага, – будзе пакараны”». 46 І ўвесь народ згадзіўся падпарадкавацца Сімону і дзейнічаць па яго загадах. 47 І Сімон прыняў гэта і згадзіўся быць першасвятаром і кіраўніком ды правіцелем народа юдэяў і святароў ды першынстваваць над усім. 48 І вырашылі зрабіць гэты надпіс на медных табліцах і паставіць іх на кальцавой сцяне святыні на бачным месцы; 49 копію ж тых рашэнняў пакласці ў скарбоўню, каб Сімон і яго сыны мелі іх пад рукой. |
© МХРБ «Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь», 2017
Bible Society of Belarus (the Republic of)