Гэтая кніга не натхнёная Богам і не з'яўляецца часткай ні хрысціянскага канону, ні яўрэйскага Танаха. Яна паказваецца толькі ў гістарычных і даследчых мэтах. Паглядзець поўнае тлумачэнне 1-я Кніга Макабэяў 1 - Кнігі Святога Пісання - Біблія - Біблія — пераклад Чарняўскага (выданне 2017 года)1 І сталася: пасля таго як Аляксандр Вялікі, сын Піліпа, мацэдонец, які першы цараваў у Грэцыі, выйшаў з зямлі Кетым, перамог Дарыя, цара персаў і мідыйцаў, 2 ваяваў ён многа, заняў многа ўмацаваных мясцовасцей ды забіў цароў зямлі; 3 і так прайшоў аж да межаў зямлі, і набраў здабычы ад многіх народаў, і змоўкла перад ім зямля, і сэрца яго ўзганарылася і ўбілася ў пыху. 4 І ён сабраў надта вялікае войска і авалодаў дзяржавамі народаў ды іх валадарамі, і яны сталі яго даннікамі. 5 І затым злёг ён у пасцель і зразумеў, што памірае; 6 ды паклікаў знатных паслугачоў сваіх, якія ад юнацтва разам з ім былі ўзгадаваны, і раздзяліў між імі царства сваё, яшчэ жывы. 7 І цараваў Аляксандр дванаццаць гадоў, і памёр. 8 Тады сталі царамі паслугачы яго, кожны на сваім месцы; 9 і па смерці яго ўсе яны паўскладалі сабе на галовы вянцы, а па іх – сыны іх на многія гады. І памножылася ліха на зямлі. 10 І паміж іх выйшаў корань сапсаванасці – Антыёх Эпіфан, сын цара Антыёха, які быў заложнікам у Рыме і стаў царом у сто трыццаць сёмым годзе царавання грэкаў. 11 У тыя дні выйшлі з Ізраэля ліхія сыны, і яны ўгаварылі многіх людзей, кажучы: «Хадзем і заключым супакой з навакольнымі плямёнамі, бо ад таго часу, як адвярнуліся мы ад іх, напаткала нас многа бед». 12 І парада гэтая здалася ім добрай; 13 і некаторыя з народа заахвоціліся і пайшлі да цара, а ён даў ім уладу, каб чынілі справядлівасць, як у паганаў. 14 І пабудавалі ў Ерузаліме гімнасій па паганскіх законах; 15 і ўхіліліся ад абразання ды адступіліся ад святога прымірэння, і звязаліся з паганамі, і запрадаліся ім, каб чыніць тое, што блага. 16 І калі Антыёх убачыў, што царства яго ўмацавалася, і пачаў панаваць над зямлёю Егіпецкай, каб быць царом над двума царствамі, 17 дык увайшоў у Егіпет з вялікім войскам, і з калясніцамі, і са сланамі, і з коннікамі, і з мноствам караблёў; 18 і ўступіў у вайну супраць Пталемея, цара Егіпецкага, і Пталемей збаяўся аблічча яго і ўцёк, і пала многа параненых. 19 І авалодалі яны ўмацаванымі гарадамі ў зямлі Егіпта, ды ён абрабаваў зямлю Егіпецкую. 20 І па перамозе над Егіптам у сто сорак трэцім годзе Антыёх вярнуўся ды з вялікім войскам адправіўся на Ізраэль, супраць Ерузаліма; 21 і ў сваёй пыхлівасці ўварваўся ў святыню ды ўзяў залаты ахвярнік, і каганец, і ўсе пасудзіны яго, 22 і стол пакладны, і пасудзіны на вадкія ахвяры, і чары, і залатыя ахвярныя пасудзіны, і завесу, і вянкі, і залатое аздабленне, якое было на фасадзе святыні; дый усё паламаў. 23 Узяў срэбра, і золата, і пасудзіны, якія пажадаў; і ўзяў схаваныя скарбы, якія знайшоў; 24 і, узяўшы ўсё, адышоў у сваю зямлю, і ўчыніў разню людзей, і прамаўляў з вялікай пыхай. 25 І ўзнік вялікі плач у Ізраэлі ды па ўсіх яго сялібах; 26 і наракалі князі і старэйшыны, дзяўчыны і юнакі страцілі сілу, ды знікла прыгажосць у жанчын; 27 кожны жаніх пачаў лямантаваць, і тая, што сядзела на шлюбным ложку, паддалася смутку; 28 і зямля ўзварухнулася пад сваімі жыхарамі, і ўвесь дом Якуба пакрыўся сорамам. 29 І пасля двух гадоў часу паслаў цар да гарадоў Юды кіраўніка падатказбіральнікаў, і прыбыў у Ерузалім з вялікім войскам; 30 і падступна прамовіў да іх у словах супакою, і яны паверылі яму. А ён раптам напаў на горад і знішчыў яго паражэннем вялікім, і выгубіў шмат народа Ізраэля. 31 І забраў награбленае дабро горада, ды спаліў яго агнём, ды разбурыў дамы яго і муры вакол яго; 32 і павялі ў палон жанчын, і дзяцей, і захапілі жывёлу. 33 І горад Давідаў агарадзілі высокім і моцным мурам і моцнымі вежамі; і стаў ён іх крэпасцю. 34 І там памясцілі грэшны народ, ліхіх людзей, і яны ўмацаваліся ў ёй; 35 і там запасліся зброяй і правіянтам, і памясцілі там нарабаваныя ў Ерузаліме рэчы; і сталі яны вялікаю пасткаю. 36 Ды сталася гэта засадаю для святыні і дэманам ліхім для Ізраэля назаўсёды; 37 і пралілі яны нявінную кроў вакол святыні ды святыню спаганілі. 38 Дзеля іх паўцякалі жыхары з Ерузаліма ды стаў ён сялібай чужынцаў і стаў ён чужым свайму роду; нават ураджэнцы пакінулі яго. 39 Святыня яго апусцела, як пустыня, святочныя дні яго абярнуліся ў галашэнне, суботы яго – у пасмешышча, слава яго – у нішто. 40 Замест славы яго памножылася ганьба яго, і ўзвышэнне яго ў жалобу абярнулася. 41 І цар Антыёх напісаў усяму свайму царству, каб усе народы былі адным, 42 ды каб кожны пакінуў свой закон. Ды ўсе народы прынялі гэты загад цара Антыёха; 43 прытым многія згадзіліся на культ яго, і ўсклалі ахвяры ідалам, і апаганьвалі шабат. 44 Ды цар паслаў праз вестуноў у Ерузалім і ў гарады Юды лісты, каб яны дзейнічалі паводле законаў паганскіх земляў, 45 і забаранілі ўскладаць у святыні Божай ахвяры цэласпалення, і ахвяры крывавыя, а таксама ахвяры прымірэння, ды каб апаганьвалі суботы і ўрачыстыя дні, 46 дый каб зневажалі святое з святых, 47 каб будавалі ахвярнікі, і храмы, і ідалаў, і каб ускладалі ў ахвяру свіное мяса і нячыстых жывёл, 48 ды каб пакідалі сыноў сваіх неабрэзанымі, ды каб душы іх апаганьвалі ўсім нячыстым і агіднасцю, 49 такім чынам, каб забыліся пра закон ды змянілі ўсе пастановы; 50 і той, хто не зробіць паводле загаду цара Антыёха, смерцю будзе пакараны. 51 Паводле ўсіх гэтых слоў напісаў ён усяму царству свайму і над усім народам паставіў наглядчыкаў, і гарадам Юды загадаў аднаму за адным складаць ахвяры ідалам. 52 І паміж народа многія далучыліся да іх, усе, якія пакінулі закон Госпадаў ды дапускаліся зла на зямлі; 53 і яны сталіся прычынай таго, што ізраэльцы мусілі хавацца ў мясцовасцях выдаленых і скрытых, для ўцекачоў. 54 У пятнаццаты дзень месяца Каслеў сто сорак пятага года на ахвярніку цэласпалення ён пабудаваў «агіднасць спусташэння», і ў суседніх гарадах Юды пабудавалі ахвярнікі, 55 і перад дзвярамі дамоў і на вуліцах складалі ахвяры. 56 І кнігі закону, якія знайшлі, раздзерлі на кавалкі і спалілі іх агнём; 57 і калі ў каго знаходзілі кнігу запавету ды калі хто трымаўся закону, таго па загадзе цара забівалі. 58 Гэтак з месяца ў месяц прымянялі сілу супраць Ізраэля, супраць кожнага, каго знаходзілі ў гарадах. 59 І ў дваццаць пяты дзень месяца ўскладалі ахвяры на ахвярніку, які пабудавалі па-над ахвярнікам; 60 тады па загадзе забівалі жанчын, якія абразалі сваіх сыноў, – 61 і вешалі дзетак на шыях іх; – і дамы іх, і тых, хто абразаў іх, забівалі. 62 І многія ў Ізраэлі рашыліся і набраліся сілы ў сабе, каб не есці нячыстага, 63 і выбралі смерць, каб не апаганіцца ежай ды не зганьбіць прымірэння святога, і паміралі. 64 Ды стаўся вялікі гнеў над Ізраэлем. |
© МХРБ «Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь», 2017
Bible Society of Belarus (the Republic of)