Biblia Todo Logo
Біблія онлайн
- Аб'явы -

ЯНА 7 - Біблія (пераклад В. Сёмухі)


Ян 7

1 Пасьля гэтага Ісус хадзіў па Галілеі, бо па Юдэі хадзіць не хацеў, таму што Юдэі намышлялі забіць Яго.

2 Набліжалася сьвята Юдэйскае - Кучкі.

3 Тады браты Ягоныя сказалі Яму: выйдзі адгэтуль і йдзі ў Юдэю, каб і вучні Твае бачылі дзеі, што Ты ўчыняеш;

4 бо ніхто ня робіць чаго-небудзь употай, і стараецца сам быць вядомым; калі Ты чыніш такія дзеі, дык яві Сябе сьвету.

5 Бо і браты Ягоныя ня верылі ў Яго.

6 На гэта Ісус ім сказаў: Мой час яшчэ не настаў, а вам заўсёды час;

7 Вас сьвет ня можа ненавідзець, а Мяне ненавідзіць, бо Я сьведчу пра яго, што дзеі ягоныя ліхія;

8 вы ідзеце на сьвята гэтае, а Я яшчэ не пайду на гэтае сьвята, бо час Мой яшчэ не настаў.

9 Гэта сказаўшы ім, застаўся ў Галілеі.

10 Але як прыйшлі браты Ягоныя, тады і Ён прыйшоў на сьвята, не адкрыта, а як бы таемна.

11 А Юдэі шукалі яго на сьвяце і казалі: дзе Ён?

12 І многа было гаманы пра Яго ў народзе: адны казалі, што Ён добры, а другія казалі: не, Ён зводзіць людзей.

13 Аднак ніхто не гаварыў пра Яго адкрыта, баючыся Юдэяў.

14 Але ўжо а палавіне сьвята ўвайшоў Ісус у храм і вучыў.

15 І дзівавалі Юдэі, кажучы: як Ён ведае Пісаньні, ня вучыўшыся?

16 Ісус, адказваючы ім, сказаў: Маё вучэньне - не Маё, а Таго, Хто паслаў Мяне;

17 хто хоча чыніць волю Ягоную, той даведаецца пра гэтае вучэньне, ці ад Бога яно, ці я Сам ад Сябе кажу;

18 хто гаворыць сам ад сябе, шукае славы сабе; а Хто шукае славы Таму, Хто паслаў Яго, Той сапраўдны, і няма няпраўды ў Ім.

19 Ці ня даў вам Майсей закона? і ніхто з вас ня жыве паводле закона. Завошта ж намышляеце забіць Мяне?

20 Людзі сказалі ў адказ: ці ня дэман у Табе? Хто намышляе забіць Цябе?

21 Ісус, прамаўляючы далей, сказаў ім: адну дзею ўчыніў Я, і ўсе вы дзівуеце;

22 Майсей даў вам абразаньне, - хоць яно не ад Майсея, а ад бацькоў, - і ў суботу вы абразаеце чалавека;

23 калі ў суботу прыймае чалавек абразаньне, каб ня быў парушаны закон Майсееў, - ці не на Мяне гневаецеся за тое, што Я ўсяго чалавека ацаліў у суботу?

24 ня судзеце паводле выгляду, а судзеце судом справядлівым.

25 Тут некаторыя зь Ерусалімцаў казалі: ці ня Той гэта, Якога спрабуюць забіць?

26 вось, Ён гаворыць адкрыта, і нічога ня кажуць Яму: ці ўпэўніліся начальнікі, што Ён сапраўды Хрыстос?

27 але мы ведаем Яго, адкуль Ён; а Хрыстос, калі прыйдзе, ніхто ня будзе ведаць, адкуль Ён.

28 Тады Ісус усклікнуў у храме, вучачы і кажучы: і ведаеце Мяне, і ведаеце, адкуль Я; і Я прыйшоў ня Сам ад Сябе, але ў ісьціне Той, хто паслаў Мяне, Якога вы ня ведаеце;

29 Я ведаю Яго, бо Я ад Яго, і Ён паслаў Мяне.

30 І намышлялі схапіць Яго, але ніхто не наклаў на Яго рукі, бо яшчэ не настала гадзіна Ягоная.

31 А многія зь людзей уверавалі ў Яго і казалі: калі прыйдзе Хрыстос, няўжо створыць болей азнакаў, чым колькі Гэты стварыў?

32 Пачулі фарысэі такія перасуды пра Яго ў народзе, і паслалі фарысэі і першасьвятары служак - схапіць Яго.

33 А Ісус сказаў ім: яшчэ нядоўга быць Мне з вамі, і пайду да Таго, Хто паслаў Мяне;

34 будзеце шукаць Мяне, і ня знойдзеце; і дзе буду Я, туды вы ня можаце прыйсьці.

35 Пры гэтым Юдэі гаварылі паміж сабою: куды Ён хоча ісьці, так што мы ня знойдзем Яго? ці ня хоча Ён ісьці ў Элінскае расьсеяньне і вучыць Элінаў?

36 што азначаюць гэтыя словы, якія Ён сказаў: «будзеце шукаць Мяне і ня знойдзеце; і дзе буду Я, туды вы ня можаце прыйсьці»?

37 У апошні ж вялікі дзень сьвята стаяў Ісус і ўсклікнуў, кажучы: хто прагне, ідзі да Мяне і пі;

38 хто веруе ў Мяне, у таго, як сказана ў Пісаньні, «з чэрава пацякуць рэкі вады жывое».

39 Гэта сказаў Ён пра Духа, Якога меліся прыняць тыя, што верылі ў Яго: бо яшчэ ня было на іх Духа Сьвятога, бо Ісус яшчэ ня быў праслаўлены.

40 Многія людзі, пачуўшы гэтыя словы, казалі: Ён сапраўды прарок.

41 Другія казалі: гэта Хрыстос. А іншыя казалі: хіба з Галілеі Хрыстос прыйдзе?

42 ці ня сказана ў Пісаньні, што Хрыстос прыйдзе ад насеньня Давідавага і зь Віфляема, з таго месца, адкуль быў Давід?

43 І вось адбылася наконт Яго спрэчка ў народзе.

44 Некаторыя зь іх хацелі схапіць Яго; але ніхто не наклаў на Яго рук.

45 І вось служкі вярнуліся да першасьвятароў і фарысэяў, і гэтыя сказалі ім: чаму вы не прывялі яго?

46 Служкі адказвалі: ніколі чалавек не гаварыў так, як Гэты Чалавек.

47 Фарысэі сказалі ім: няўжо і вы ўведзены ў зман?

48 ці паверыў у Яго хто з начальнікаў, альбо з фарысэяў?

49 але гэты народ невук у законе, пракляты ён.

50 Мікадым, які прыходзіў да Яго ўначы, будучы адным зь іх, кажа ім:

51 ці судзіць закон наш чалавека, калі папярэдне ня выслухаюць яго і не даведаюцца, што ён робіць?

52 На гэта сказалі яму: і ты ці не з Галілеі? паглядзі, і ўбачыш, што з Галілеі ня прыходзіць прарок.

53 І разыйшліся ўсе па дамах.

Сачыце за намі:



Аб'явы