Biblia Todo Logo
Біблія онлайн
- Аб'явы -

ЯКАВА 4 - Біблія (пераклад В. Сёмухі)


Як 4

1 Адкуль у вас свары і раздоры? ці не адгэтуль, ад пажаданьняў вашых, што варагуюць у чэлесах вашых?

2 Хочаце - і ня маеце; забіваеце і зайздросьціце - і ня можаце дамагчыся; зводзіцеся і варагуеце - і ня маеце, бо ня просіце;

3 Просіце - і не атрымліваеце, бо просіце не на добрае, а каб ужыць на пажаданьні вашыя.

4 Пералюбнікі і пералюбніцы! ці ж ня ведаеце, што дружба са сьветам ёсьць варожасьць супраць Бога! Дык вось, хто хоча быць сябрам сьвету, той робіцца ворагам Богу.

5 Альбо вы думаеце, што дарэмна кажа Пісаньне: «да зайздры любіць дух, які жыве ў нас»?

6 Але тым большую дае мілату; таму і сказана: «Бог гордым супрацівіцца, а пакорным дае мілату».

7 Дык вось, упакорцеся Богу; усупраціўцеся д'яблу, і ўцячэ ад вас;

8 да Бога наблізьцеся, і наблізіцца да вас; ачысьціце рукі, грэшнікі, папраўце сэрцы, двудушныя;

9 смуткуйце, плачце і галасеце: сьмех ваш няхай абернецца ў плач, а радасьць - у смутак.

10 Упакорцеся перад Госпадам, і ўзвысіць вас.

11 Не ліхаслоўце адзін аднаго, браты: хто ліхасловіць брата альбо судзіць брата свайго, той ліхасловіць і судзіць закон; а калі ты судзіш закон, дык ты не выканаўца закона, а судзьдзя.

12 Адзін Заканадаўца і Судзьдзя, Які можа і ўратаваць і загубіць: а ты хто, што судзіш іншага?

13 Цяпер паслухайце вы, што гаворыце: сёньня ці заўтра мы выправімся ў такі-а-такі горад і пражывём там адзін год, і будзем гандляваць і зарабляць;

14 вы, што ня ведаеце, што будзе заўтра: бо што такое жыцьцё ваша? пара, якая зьяўляецца на кароткі час, а потым зьнікае.

15 Замест таго, каб вам сказаць: як захоча Гасподзь і будзем жывыя, дык зробім тое ці іншае,

16 вы, у ганарыстасьці сваёй, славалюбнічаеце: усякае такое пустахвальства ёсьць зло.

17 Дык вось, хто ўмее рабіць дабро і ня робіць, на тым грэх.

Сачыце за намі:



Аб'явы