Biblia Todo Logo
Біблія онлайн
- Аб'явы -

ЭФЭСЯНАЎ 6 - Біблія (пераклад В. Сёмухі)


Эф 6

1 Дзеці, слухайцеся сваіх бацькоў у Госпадзе, бо гэтага патрабуе справядлівасьць.

2 Шануй бацьку твайго і маці - гэта першая запаведзь з абяцаньнем:

3 «Хай будзе табе добра, і будзеш доўга жыць на зямлі».

4 І вы, бацькі, не дакучайце дзецям вашым, а гадуйце іх у навуцы і настаўленьні Гасподнім.

5 Рабы, слухайцеся гаспадароў сваіх цялесных са страхам і трымценьнем, у прастаце сэрца вашага, як Хрыста,

6 ня ў блізірнай толькі паслужлівасьці, як чалавекадагоднікі, а як рабы Хрыстовыя, выконваючы волю Божую ад душы,

7 служачы шчыра, як Госпаду, а ня як людзям,

8 ведаючы, што кожны атрымае ад Госпада ў меру дабра, якое ён зрабіў, хай то раб, хай вольнік.

9 І вы, гаспадары, рабеце зь імі гэтак сама, лагодзьце строгасьць, ведаючы, што і над вамі самімі і над імі ёсьць на нябёсах Гасподзь, Які не зважае на асобы.

10 Нарэшце, браты мае, мацуйцеся Госпадам і магутнасьцю сілы Ягонай;

11 апранецеся ў поўную зброю Божую, каб вам можна было стаць супроць хітрыкаў д'ябальскіх;

12 бо нашае змаганьне ня супроць крыві і плоці, а супроць начальстваў, супроць уладаў, супроць сьветаўпраўцаў цемры сьвету гэтага, супроць духаў злосьці паднябесных.

13 Дзеля гэтага прымеце поўную зброю Божую, каб вы маглі супрацьстаць у часіну ліхую і, усё адолеўшы, выстаяць.

14 Так што станьце, апаясаўшы сьцёгны вашыя праўдаю, і апрануўшыся ў браню праведнасьці,

15 і абуўшы ногі ў гатовасьць абвяшчаць мір;

16 а найперш за ўсё вазьмеце шчыт веры, якім зможаце пагасіць усе распаленыя стрэлы ліхадзея;

17 і шалом ратунку вазьмеце, і меч духоўны, які ёсьць Слова Божае;

18 усякаю малітваю і просьбаю малецеся ў любы час духам, і дбайце пра гэта самае з усёй сталасьцю і благаньнем за ўсіх сьвятых

19 і за мяне, каб мне дадзена было слова - вуснамі маімі адкрыта і адважна абвяшчаць таямніцу зьвеставаньня,

20 дзеля якога я пасольствую ў кайданах, каб я сьмела прапаведаваў, як я і павінен.

21 А каб і вы ведалі пра мае акалічнасьці і дзеі, пра ўсё раскажа вам Тыхік, любасны брат і верны ў Госпадзе службіт,

22 якога я і паслаў да вас на тое самае, каб вы даведаліся пра нас і каб ён суцешыў сэрцы вашыя.

23 Мір братам і любоў зь вераю ад Бога Айца і Госпада Ісуса Хрыста.

24 Мілата з усімі, што нязьменна любяць Госпада нашага Ісуса Хрыста. Амін.

Сачыце за намі:



Аб'явы