Biblia Todo Logo
Біблія онлайн
- Аб'явы -

ЭФЭСЯНАЎ 3 - Біблія (пераклад В. Сёмухі)


Эф 3

1 Вось дзеля гэтага я, Павал, стаўся вязьнем Ісуса Хрыста за вас, язычнікаў.

2 Бо вы, пэўна, чулі пра служэньне мілаты Божай, дадзенай мне для вас,

3 таму што мне праз адкрыцьцё абвешчана таямніца, - пра што я і вышэй коратка пісаў, -

4 дык вы, чытаючы, можаце ўведаць маё разуменьне таямніцы Хрыстовай,

5 якая ня была абвешчана ранейшым пакаленьням сыноў чалавечых, як сёньня адкрыта сьвятым апосталам Ягоным і прарокам праз Духа (Сьвятога),

6 каб і язычнікі былі супольнымі спадчыньнікамі, што складаюць адно цела, і саўдзельнікамі абяцаньня Ягонага ў Хрысьце Ісусе праз зьвеставаньне,

7 слугою якога зрабіўся я пасьля дараваньня мілаты Божай, дадзенай мне дзеяньнем сілы Ягонай.

8 Мне, самаму найменшаму з усіх сьвятых, дадзена мілата гэтая - зьвеставаць язычнікам недасьледнае багацьце Хрыстовае

9 і адкрыць усім, што ёсьць зьдзяйсьненьне таямніцы, схаванай ад вечнасьці ў Богу, Які стварыў усё Ісусам Хрыстом,

10 каб цяпер была вядомая праз Царкву начальству і ўладам на нябёсах бясконцая мудрасьць Божая,

11 паводле спрадвечнага вызначэньня, якое Ён учыніў у Ісусе Хрысьце, Госпадзе нашым,

12 у Якім мы маем адвагу і надзейны доступ празь веру ў Яго.

13 А таму прашу (вас) не маркоціцца духам ад маіх дзеля вас журботаў, бо яны - ваша слава.

14 Дзеля гэтага схіляю калені мае прад Айцом Госпада нашага Ісуса Хрыста,

15 ад Якога мае найменьне ўсякая айчыннасьць на нябёсах і на зямлі,

16 хай дасьць вам, па багацьці славы Сваёй, моцна ўцьвердзіцца Духам Ягоным ва ўнутраным чалавеку,

17 каб Хрыстос вераю ўсяліўся ў сэрцы вашыя,

18 каб вы, укарэненыя і ўцьверджаныя ў любові, маглі спасьцігнуць з усімі сьвятымі, што ёсьць шырыня і даўжыня, і глыбіня і вышыня,

19 і ўразумець вышэйшую за ўразуменьне любоў Хрыстовую, каб вам напоўніцца ўсёю поўніцаю Божаю.

20 А Таму, Хто сілаю, якая дзее ў нас, можа зрабіць непараўнена болей за ўсё, чаго мы просім, альбо пра што думаем,

21 Таму слава ў Царкве ў Хрысьце ва ўсе роды, ад веку да веку. Амін.

Сачыце за намі:



Аб'явы