Biblia Todo Logo
Біблія онлайн
- Аб'явы -

ЭКЛЕЗІЯСТА 12 - Біблія (пераклад В. Сёмухі)


Экл 12

1 І памятай Творцу твайго ў дні юнацтва твайго, пакуль ня прыйшлі цяжкія дні і гады не насталі, пра якія ты будзеш казаць: «няма мне ад іх асалоды!»,

2 пакуль не патухлі сонца, і сьвятло, і месяц, і зоркі і не насунуліся новыя хмары пасьля дажджу.

3 У той дзень, калі задрыжаць тыя, што дом ацаляюць, і сагнуцца мужы сілы; і перастануць малоць тыя, што мелюць, бо няшмат ужо іх засталося; і зацьмяцца тыя, якія глядзяць у акно;

4 і замыкацца будуць дзьверы на двор; калі аціхне гул жорнаў, і будзе ўставаць чалавек на пеўнеў крык, і замоўкнуць дочкі пяяньня;

5 і вышыні іх будуць палохаць, і на дарозе жахі; і міндаль зацьвіце, і ў траве зьнярухомее конік, і рассыплецца каперс, - бо адыходзіць чалавек у вечны свой дом, і гатовыя абступіць яго плакальшчыцы на дарозе;

6 пакуль не парваўся срэбраны ланцужок, і не разьбілася залатая чаша, і не разьбіўся збанок ля крыніцы, і не абвалілася кола над студняй.

7 І вернецца тло ў зямлю, чым і было яно; і вернецца дух да Бога, Які даў яго.

8 Наймарнейшая марнасьць, сказаў Эклезіяст, усё - марнасьць!

9 Акрамя таго, што Эклезіяст быў мудры, ён вучыў яшчэ народ ведам. Ён усё выпрабоўваў, дасьледаваў і склаў многа выслоўяў.

10 Стараўся Эклезіяст вышукваць зграбныя выслоўі і словы праўды напісаў слушна.

11 Словы мудрых - што іголкі, як убітыя цьвікі, і складальнікі іх - ад адзінага пастыра.

12 А што звыш усяго гэтага, сыне мой, таго асьцерагайся: складаць многа кніг - канца ім ня будзе, і многа чытаць - стамляецца цела.

13 Выслухаем сутнасьць усяго: бойся Бога і запаведзяў Ягоных трымайся, бо чалавеку ў гэтым - усё.

14 Бо ўсякі ўчынак Бог прывядзе на суд і ўсё таемнае, ці яно добрае, а ці благое.

Сачыце за намі:



Аб'явы