Biblia Todo Logo
Біблія онлайн
- Аб'явы -

ПСАЛТЫР 85 - Біблія (пераклад В. Сёмухі)


Пс 85

1 Малітва Давідава. Нахілі, Госпадзе вуха Тваё, і пачуй мяне; бо я бедны і ўбогі.

2 Ахавай душу маю, бо я богабаязны; уратуй, Божа мой, раба Твайго, які на Цябе спадзяецца.

3 Зьлітуйся зь мяне, Госпадзе, бо Цябе я клічу кожнага дня.

4 Разьвесялі душу раба Твайго, бо да Цябе, Госпадзе, узношу душу сваю,

5 бо Ты, Госпадзе, добры і міласэрны і мілажальны да ўсіх, хто кліча Цябе.

6 Пачуй, Госпадзе, малітву маю, і прыслухайся да голасу маленьня майго.

7 У дзень смутку майго я клічу Цябе, бо Ты пачуеш мяне.

8 Няма, Госпадзе, паміж багамі такога, як Ты, і дзеяў няма, як Твае.

9 Усе народы, Табою створаныя, прыйдуць і схіляцца прад Табою, Госпадзе, і праславяць імя Тваё,

10 бо Ты вялікі, творыш дзівосы, - Ты, Божа, адзіны Ты.

11 Настаў мяне, Госпадзе, на дарогу Тваю, і хадзіцьму ў праўдзе Тваёй; умацуй сэрца маё ў страху імя Твайго

12 Буду славіць Цябе, Госпадзе, Божа мой, усім сэрцам маім і славіць імя Тваё вечна,

13 бо вялікая ласка Твая да мяне; Ты выбавіў душу маю ад пекла апраметнага.

14 Божа! на мяне гардуны паўсталі, і хэўра мяцежнікаў шукае душы маёй; і перад сабою ня ставяць Цябе.

15 Але Ты, Госпадзе, Божа шчодры і сэрцам шчыры, доўгацярплівы і шматлітасьцівы і справядлівы,

16 паглядзі на мяне і ўмілажалься зь мяне; дай моц Тваю рабу Твайму, і ўратуй сына рабы Тваёй;

17 учыні на мне азнаку на добрае, хай бачаць мяне ненавісьнікі мае і пасаромяцца, бо Ты, Госпадзе, дапамог мне і суцешыў мяне.

Сачыце за намі:



Аб'явы