Biblia Todo Logo
Біблія онлайн
- Аб'явы -

ПСАЛТЫР 82 - Біблія (пераклад В. Сёмухі)


Пс 82

1 Песьня. Псальма Асафава.

2 Божа! Не перамоўчы, не маўчы, і не заставайся спакойны, Божа!

3 Бо вось, ворагі Твае зашумелі, і ненавісьнікі Твае паднялі галаву:

4 супроць народу Твайго склалі падступную змову, і раяцца супроць тых, каго Ты ахоўваеш;

5 сказалі: «пойдзем і вынішчым іх з народаў, каб і ня згадвалася болей імя Ізраіля».

6 Змовіліся аднадушна, склалі супроць Цябе хаўрус:

7 селішчы Эдомавыя і Ізмаільцяне, Мааў і Агаране,

8 Гевал і Амон і Амалік, Філістымляне з жыхарамі Тыра;

9 і Асур прыстаў да іх; яны сталі сілаю ўсім сынам Лотавым.

10 Зрабі ім тое самае, што Мадыяму, што Сісару, што Явіну каля патока Кісона,

11 якія вынішчаны ў Аэндоры, зрабіліся гноем зямлі.

12 Зрабі зь імі, з уладарамі іхнімі, як з Орывам і Зівам, і з усімі правадырамі іхнімі, як зь Зэвэем і Салманам,

13 якія казалі: «возьмем сабе на валоданьне селішчы Божыя».

14 Божа мой! хай будуць яны, як пыл у віхуры, як на вятры салома.

15 Як вагонь выпальвае лес, і як полымя апальвае горы,

16 так гані іх бураю Тваёю, і настрашы іх бураю Тваёю,

17 напоўні аблічча іхняе сорамам, каб шукалі яны імя Тваё, Госпадзе!

18 Хай пасаромяцца і настрашаны будуць навечна, хай брыдка ім будзе і хай загінуць,

19 і няхай яны ведаюць, што Ты, Каму адзінаму імя - Гасподзь, Усявышні над усёю зямлёю.

Сачыце за намі:



Аб'явы