Biblia Todo Logo
Біблія онлайн
- Аб'явы -

ПСАЛТЫР 77 - Біблія (пераклад В. Сёмухі)


Пс 77

1 Вучэньне Асафава. Слухай, народзе мой, закону майго, прыхілеце вуха вашае да словаў з вуснаў маіх.

2 Разамкну мае вусны ў прытчы і вымаўлю старадаўнія прыпавесьці.

3 Што чулі мы і даведаліся і бацькі нашы нам пераказалі,

4 не схаваем ад дзяцей іхніх, і абвесьцім роду будучаму славу Госпада, і сілу Ягоную, і цуды Ягоныя, што Ён утварыў.

5 Ён устанавіў засьведчаньне ў Якаве і паклаў закон у Ізраілі, які наказаў бацькам нашым абвяшчаць дзецям іхнім,

6 каб ведаў будучы род, дзеці, якія народзяцца, і каб яны ў свой час абвяшчалі дзецям сваім,

7 класьці на Бога надзею сваю, і не забываць дзеяў Божых, і захоўваць наказы Ягоныя,

8 і ня быць падобным да бацькоў іхніх, роду ўпарцістага і мяцежнага, сэрцам неўладкаванага і нявернага Богу духам сваім.

9 Сыны Яфрэмавыя, узброеныя, лучнікі, павярнулі назад у дзень бітвы:

10 яны не захавалі запавету Божага і адмовіліся хадзіць у законе Ягоным:

11 забылі дзеі Ягоныя і цуды, якія Ён нам паказаў.

12 Ён перад вачыма бацькоў іхніх тварыў цуды ў зямлі Егіпецкай, на полі Цаан.

13 Падзяліў мора і правёў іх празь яго, і паставіў воды сьцяною;

14 і ўдзень вёў іх вобмацкам, а ўначы сьвятлом вагню;

15 расьсек камень у пустыні, і напаіў іх, як зь вялікае бездані;

16 са скалы вывеў патокі, і пацяклі воды, як рэкі.

17 Але яны ўсё грашылі прад Ім і раздражнялі Ўсявышнага ў пустыні:

18 спакушалі Бога ў сэрцы сваім, патрабавалі ежы па душы сваёй,

19 і казалі супраць Бога, і сказалі: «ці можа Бог згатаваць трапезу ў пустыні?»

20 Вось, Ён ударыў па камені, і пацяклі воды, і паліліся ручаіны. «Ці можа Ён даць і хлеб, ці можа гатаваць мяса народу Свайму?»

21 Гасподзь пачуў, і ўспалымніўся гневам, і вагонь загарэўся на Якава, і гнеў падняўся супроць Ізраіля,

22 за тое, што ня верылі ў Бога і не спадзяваліся на ратваньне Ягонае.

23 Ён загадаў аблокам угары, і адчыніў дзьверы неба,

24 і пусьціў, быццам дождж, на іх манну ў ежу, і хлеб нябесны ім даў.

25 Хлеб анёльскі еў чалавек, паслаў Ён ім ежы ўдосыць.

26 Ён падняў на небе вецер усходні, і навёў паўднёвы сілаю Сваёю

27 і, як пыл, паслаў на іх мяса дажджом, і, як пясок марскі, птушак крылатых;

28 і кінуў іх сярод табара іхняга, каля жытлішчаў іхніх,

29 і яны елі і наеліся; і даў ім, чаго яны зажадалі.

30 Але яшчэ не прайшло хаценьне іхняе, яшчэ ежа была ў вуснах у іх,

31 гнеў Божы прыйшоў на іх, забіў тлустых іхніх, і юнакоў Ізраілевых паваліў.

32 Пры ўсім гэтым яны ўсё ж грашылі далей, і ня верылі ў цуды Ягоныя.

33 І загубіў дні іхнія ў марнасьці і гады іхнія ў страху.

34 Калі Ён забіваў іх, яны шукалі Яго, і вярталіся, і з раніцы шукалі Бога,

35 і прыгадвалі, што Бог - іхняе прыстанішча і Бог Усявышні - Збаўца іхні,

36 і вуснамі сваімі лісьлівілі Яму, і языком сваім хлусілі прад Ім;

37 а сэрца іхняе нямоцна стаяла прад Ім, і ня былі яны верныя запавету Ягонаму.

38 Але Ён, Міласэрны, дараваў грэх і ня зьнішчаў іх; шматкроць адводзіў гнеў Свой і ня ятрыў лютасьці Сваёй.

39 Ён памятаў, што яны - цялесныя, дыханьне, якое выходзіць і ня вяртаецца.

40 Колькі разоў яны раздражнялі Яго ў пустыні і гневалі Яго ў краі неабжытым!

41 І зноў спакушалі Бога, і зьневажалі Сьвятога Ізраілевага,

42 не памяталі рукі Ягонай, дня, калі выбавіў іх ад прыгнёту,

43 калі аказаў у Егіпце азнакі Свае і цуды Свае на полі Цаан,

44 і ператварыў рэкі іхнія і патокі іхнія ў кроў, каб яны піць не маглі;

45 паслаў на іх заедзь, каб джаліла іх, і жаб, каб губілі іх;

46 парасьліну зямную іхнюю аддаў вусеням і працу іхнюю - саранчы;

47 вінаград іхні пабіў градам і шаўкоўніцы іхнія аддаў сьцюжы;

48 быдла іхняе аддаў граду і статкі іхнія - маланкам;

49 паслаў на іх полымя гневу Свайго, і абурэньне, і лютасьць і беды, пасольства ліхіх анёлаў;

50 Ён дарогу выпрастаў гневу Свайму, не ахоўваў іхніх душаў ад сьмерці, і быдла іхняе аддаў пошасьці;

51 пабіў кожнага першынца ў Егіпце, пачаткі сілаў у намётах Хамавых;

52 і павёў народ Свой, як авечак, пустыняю;

53 вёў іх бясьпечна, і яны не баяліся, а ворагаў іхніх пакрыла мора;

54 і прывёў іх у зямлю сьвятую Сваю, на гару гэтую, якую правіца Ягоная набыла.

55 Прагнаў ад аблічча іхняга народы, і зямлю іхнюю разьдзяліў у спадчыну ім, і плямёны Ізраілевыя пасяліў у намётах іхніх.

56 Але яны яшчэ спакушалі і засмучалі Бога Ўсявышняга, і пастановаў Ягоных ня трымаліся;

57 адступалі і здраджвалі, як бацькі іхнія; вярталіся назад, як падманлівы лук;

58 засмучалі Яго курганамі сваімі, ды ідаламі сваімі абуджалі зайздрасьць Ягоную.

59 Пачуў Бог, і ўспалымніўся гневам, і моцна абурыўся супроць Ізраіля;

60 пакінуў селішча ў Сіломе, скінію, у якой жыў Ён сярод людзей;

61 і аддаў у няволю Ён моцнасьць Сваю і славу Сваю ў рукі ворага;

62 і аддаў Ён мечу народ Свой, і прагневаўся на спадчыну Сваю.

63 Хлопцаў ягоных пажыраў вагонь, і дзяўчатам ягоным не сьпявалі шлюбных песьняў;

64 сьвятары ягоныя падалі ад меча, і ўдовы ягоныя ня плакалі.

65 Але быццам ад сну, абудзіўся Гасподзь, быццам волат, віном пераможаны,

66 і ўдарыў ворагам ягоным у тыл, і пасароміў іх навекі,

67 і адкінуў палатку Язэпаву, і роду Яфрэмавага не абраў,

68 а выбраў калена Юдава, гару Сіён, якую палюбіў,

69 і зладзіў, як неба, сьвятыню Сваю, і, як зямлю, угрунтаваў яе навечна,

70 і выбраў Давіда, раба Свайго, і ўзяў яго ад кашараў,

71 і ад даяроў прывёў яго пасьвіць народ свой, Якаваў, і спадчыну Сваю - Ізраіля.

72 І ён пасьвіў іх у чысьціні сэрца свайго, і рукамі мудрымі вадзіў іх.

Сачыце за намі:



Аб'явы