ПСАЛТЫР 72 - Біблія (пераклад В. Сёмухі)Пс 72 1 Псальма Асафава. Які добры Бог да Ізраіля, да чыстых сэрцам! 2 А я - ледзь ногі мае не пахіснуліся, ледзь падэшвы мае не пакаўзнуліся, - 3 я быў ліхім пазайздросьціў, як пабачыў дабрадзенства бязбожных, 4 бо няма ім цярпеньняў да самае сьмерці, і сіла моцная ў іх; 5 на працы людзкой іх няма, і разам зь людзьмі яны ўціску ня знаюць. 6 Вось таму іхняя пыха, як нашыйнік, абклала іх, і дзёрзкасьць, як убор, аблягае іх; 7 вылазяць ім вочы ад тлушчу, жаданьні ў сэрцы іхнім варушацца, 8 сьмяюцца яны з усяго; зласьліва паклёпы наводзяць; ганарыста гавораць; 9 вусны свае ўзносяць да неба, - а іхні язык па зямлі валачэцца. 10 Таму туды ж зьвяртаецца народ ягоны, і п'юць ваду поўнаю чараю 11 і кажуць: «як уведае Бог? і ці мае Ўсявышні веданьне?» 12 І вось гэтыя грэшнікі песьцяцца на гэтым сьвеце і памнажаюць багацьце. 13 І сказаў я: ці ж не дарма ачышчаў я сэрца маё і ў нянавісьці абмываў мае рукі, 14 і ўвесь дзень я цярплю ўдары, і кожнае раніцы кару прымаю? 15 Калі б я сказаў: буду так разважаць, як яны, - дык здрадзіў бы роду сыноў Тваіх. 16 І задумаўся я, як зразумець гэта; але цяжка яно ў вачах маіх, 17 пакуль не ўвайшоў я ў сьвятыню Божую, і не зразумеў іхняга канца. 18 Так! на коўзкіх шляхах паставіў Ты іх, і скідаеш іх у прорвішчы. 19 Як зьнянацку яны ўвайшлі ў спусташэньне, згінулі, зьніклі ад жахаў! 20 Як сном пасьля абуджэньня, так Ты, Госпадзе, іх разбудзіўшы, зьнішчыш іхнія мроі. 21 Калі кіпела сэрца маё і трымцела нутрына мая, 22 быў я тады неразумны, нічога ня цяміў; як быдла быў я прад Табою. 23 Але заўжды я з Табою; Ты трымаеш мяне за правую руку: 24 Ты вядзеш мяне паводле радаў Тваіх, і потым у славу прымаеш мяне. 25 Хто мне на небе? і з Табою нічога не хачу на зямлі. 26 Зьнемагае цела маё і сэрца маё; Бог - цьвярдыня сэрца майго і частка мая навечна, 27 бо вось гінуць усе, хто збочвае ад Цябе; Ты нішчыш кожнага, хто ад Цябе адступаецца. 28 А мне добра набліжацца да Бога! На Госпада Бога паклаў я надзею маю, каб абвяшчаць усе дзеі Твае! |