ПСАЛТЫР 71 - Біблія (пераклад В. Сёмухі)Пс 71 1 Пра Саламона. Псальма Давідава. Божа! даруй цару Твой суд і сыну цара Тваю праўду, 2 няхай судзіць людзей Тваіх справядліва і ўбогіх Тваіх на судзе; 3 няхай прынясуць горы мір людзям і пагоркі праўду; 4 няхай судзіць убогіх народу, няхай выратуе сыноў убогага, і суйме прыгнятальніка, - 5 і будуць баяцца Цябе, пакуль будуць сонца і месяц, у роды родаў. 6 Ён сыдзе, як дождж на скошаны луг, як кроплі, што арашаюць зямлю; 7 У дні ягоныя праведнік будзе цьвісьці, і будзе вялікі спакой, пакуль ня спыніцца месяц: 8 ён будзе валадарыць ад мора да мора і ад ракі да краёў зямлі; 9 упадуць перад ім жыхары пустыняў, і ворагі ягоныя будуць лізаць пыл; 10 цары Тарсіса і выспаў даніну яму паднясуць; цары Аравіі і Савы дары паднясуць; 11 і паклоняцца яму ўсе цары; усе народы служыцьмуць яму; 12 бо вызваліць ён убогага, што галосіць, і прыгнечанага, што дапамогі ня мае, 13 умілажаліцца з гаротніка ўбогага, і душы гаротнікаў уратуе; 14 ад хітрыны і гвалту вызваліць душы іхнія, і каштоўнаю будзе кроў перад вачыма ягонымі; 15 і будзе жыць, і будуць даваць яму золата Аравіі, і будуць маліцца за яго няспынна, кожнага дня дабраслаўляць яго; 16 на зямлі будзе шчодрае збожжа, наверсе гор; і плады ягоныя захвалююцца, быццам лес на Ліване, і ў гарадах размножацца людзі, як трава на зямлі; 17 будзе імя ягонае дабраславёнае навечна; пакуль сонца жыве, будзе перадавацца імя ягонае; і дабраславяцца ў ім усе плямёны зямныя, усе народы будуць злагоджваць яго. 18 Дабраславёны Гасподзь Бог, Бог Ізраілеў, адзіны, Хто творыць цуды, 19 і дабраславёнае імя славы Ягонае навечна, і напоўніцца славаю Яго ўся зямля. Амін і амін. 20 Скончыліся малітвы Давіда, сына Ясэевага. |