ПСАЛТЫР 65 - Біблія (пераклад В. Сёмухі)Пс 65 1 Клікніце Богу, уся зямля. 2 Сьпявайце славу імю Ягонаму; гонар славе Ягонай, хвала Яму. 3 Скажэце Богу: грозны Ты ў дзеях Тваіх! У вялікай сіле Тваёй упакорацца Табе ворагі Твае. 4 Хай паклоніцца Табе ўся зямля і сьпявае Табе, хай сьпявае імю Твайму, Усявышні! 5 Прыйдзеце і гляньце на дзеі Бога, грознага ў дзеях супроць сыноў чалавечых. 6 Ён мора ў сушу ператварыў: раку перайшлі нагамі; там радасьць была нам у Ім. 7 Магутнасьцю Сваёю ўладарыць Ён вечна; вочы Ягоныя глядзяць на народы, хай ня ўзносяцца бунтаўшчыкі. 8 Дабраславеце, народы, Бога нашага і ўзнясеце славу Яму. 9 Ён жыцьцё захаваў душы нашай, і назе нашай ня даў пахіснуцца. 10 Ты нас выпрабаваў, Божа, ператапіў нас, як топяць срэбра. 11 Ты ўвёў нас у сетку, аковы паклаў нам на сьцёгны нашыя, 12 пасадзіў чалавека на галаву нам. Мы ўвайшлі ў вагонь і ў ваду, і Ты вывеў нас на волю. 13 Увайду ў дом Твой з цэласпаленьнямі, аддам Табе зарукі мае, 14 якія вымавілі вусны мае і сказаў язык мой у скрусе маёй. 15 Цэласпаленьні тлустыя прынясу я Табе, з дымам ахвярным з авечага лою; ахвярую валоў і казлоў. 16 Прыйдзеце, паслухайце ўсе, богабаязныя, і я абвяшчу вам, што стварыў Ён душы маёй. 17 Я паклікаў Яго вуснамі маімі і ўславіў Яго языком маім. 18 Калі б угледзеў я беззаконьне ў сэрцы маім, дык не пачуў бы мяне Гасподзь. 19 Але Бог пачуў, уважыў голасу маленьня майго. 20 Дабраславёны Бог, Які не адкінуў малітвы маёй і не адвярнуў ад мяне ласкі Свае. |