ПСАЛТЫР 60 - Біблія (пераклад В. Сёмухі)Пс 60 1 Кіроўцу хору. На струнным інструмэньце. Псальма Давідава. 2 Пачуй, Божа, мой лямант, уваж малітве маёй, 3 ад краю зямлі заклікаю Цябе ў заняпаласьці сэрца майго; узьвядзі мяне на скалу, недасягальную мне, 4 бо Ты апора мая, Ты моцная абарона ад ворага. 5 Хай жыцьму я вечна ў сялібе Тваёй, і ўпакоюся пад покрывам крылаў Тваіх, 6 бо Ты, Божа, пачуў абяцаньні мае і даў мне спадчыну тых, хто баіцца Твайго імя. 7 Памнож цару дні на дні, гады падоўжы яму - з роду ў род, 8 няхай жыцьме ён прад Богам вечна; накажы мілажалю і праўдзе ахоўваць яго. 9 І я сьпяваць буду імю Твайму вечна, абяцаньні мае выконваць дзень у дзень. |