ПСАЛТЫР 59 - Біблія (пераклад В. Сёмухі)Пс 59 1 Кіроўцу хору. На музычным інструмэньце Шушан-Эдут. Залатая псальма Давідава для навучаньня, 2 калі ён ваяваў зь Сірыяй Месапатамскай і зь Сірыяй Цаванскай, і калі Ёаў, вяртаючыся, перамог дванаццаць тысяч Ідумэяў у даліне Салянай. 3 Божа! Ты нас адкінуў, Ты паглуміў нас, угневаўся Ты; вярніся да нас, 4 Ты зямлю скалануў, разьбіў яе: загаі разломы яе, бо яна хістаецца. 5 Ты даў народу Твайму зьведаць жорсткае, напаіў нас віном зьдзіўленьня. 6 Дай сьцяг тым, хто баіцца Цябе, каб яны паднялі яго дзеля ісьціны, 7 каб вызваліліся аблюбенцы Твае; уратуй правіцай Тваёю, і пачуй мяне. 8 Бог сказаў у сьвятыні Сваёй: «перамагу, - падзялю Я Сіхем, і даліну Сукот абмераю; 9 Мой Галаад, Мой Манасія, Яфрэм крэпасьць Маёй галавы, Юда скіпетр Мой, 10 Мааў умывальная шаля Мая; на Эдом абуткам кіну Маім». Кліч мяне, зямля Філістымская! 11 Хто ўвядзе мяне ў горад умацаваны? Хто давядзе мяне да Эдома? 12 Ці ня Ты, Божа, Які нас адкінуў, і ня выходзіш, Божа, з войскам нашым? 13 Дай дапамогу нам ва ўціску, бо дапамога людзкая - марнота. 14 З Богам мы выявім сілу; Ён скіне ворагаў нашых. |