ПСАЛТЫР 56 - Біблія (пераклад В. Сёмухі)Пс 56 1 Кіроўцу хору. Не загубі. Залатая псальма Давіда, калі ён уцёк ад Саўла ў пячору. 2 Зьлітуйся, Божа, зь мяне, зьлітуйся; бо на Цябе спадзяецца душа мая, і ў цяні крылаў Тваіх я схаваюся, пакуль ня мінуцца нягоды. 3 Паклічу Бога Ўсявышняга, Бога, Які мне чыніць дабро; 4 Ён зь нябёсаў пашле, і ўратуе мяне; пасароміць таго, хто спрабуе мяне праглынуць, пашле Бог Сваю літасьць і праўду Сваю. 5 Душа мая сярод ільвоў; я ляжу сярод тых, што дыхаюць полымем, сярод сыноў чалавечых, чые зубы - як дзіды і стрэлы, чый язык - востры меч. 6 Будзь услаўлены вышэй за нябёсы, Божа, і над усёю зямлёю хай будзе слава Твая! 7 На ногі мае ўгатавалі сетку: душа мая панікла; выкапалі перада мною яму, і самі ўпалі ў яе. 8 Гатовае сэрца маё, Божа, гатовае сэрца маё: буду сьпяваць і славіць. 9 Паўстань, слава мая, паўстань, псалтыр і арфа! Я ўстану рана. 10 Славіць буду Цябе, Госпадзе, сярод народаў; славіць буду Цябе сярод плямёнаў, 11 бо да нябёсаў вялікая ласка Твая і ў пазахмар'і праўда Твая. 12 Узьнясіся вышэй за нябёсы, Божа, і над усёю зямлёю хай будзе слава Твая. |