ПСАЛТЫР 55 - Біблія (пераклад В. Сёмухі)Пс 55 1 Кіроўцу хору. Пра галубіцу маўклівую ў пустках далёкіх. Залатая псальма Давіда, калі Філістымляне схапілі яго былі ў Гэце. 2 Зьлітуйся, Божа, зь мяне. Бо чалавек хоча мяне праглынуць; кожнага дня на мяне нападаючы, уціскае мяне. 3 Цэлы дзень ворагі віжуюць за мною заўзята, многа іх паўстае на мяне, Усявышні! 4 Калі страх агартае мяне, я надзею кладу на Цябе. 5 У Богу я ўслаўлю слова Ягонае; на Бога надзею кладу, не баюся; што зробіць мне цела? 6 Кожнага дня пераварочваюць словы мае; усе іхнія намыслы супраць мяне - на ліхое: 7 зьбіраюцца, тояцца, сьлед мой высочваюць, каб улавіць душу маю. 8 Няўжо яны ўнікнуць адплаты за няпраўду сваю? У гневе адкінь, Божа, народы. 9 Палічыў Ты туляньні мае; пакладзі мае сьлёзы ў сасуд прад Табою, - ці ня ў кнізе яны Тваёй? 10 Ворагі мае ўцякаюць назад, калі я клічу Цябе; з гэтага я і даведваюся, што Бог за мяне. 11 У Богу я ўслаўлю слова Ягонае, у Госпадзе ўслаўлю слова Ягонае. 12 На Бога надзею кладу, не баюся; што зробіць мне чалавек? 13 На мне, Божа, прысягі Табе; Табе аддам ахвяры хвалы, 14 бо Ты збавіў душу маю ад сьмерці, і ногі мае ад спатыканьня, каб хадзіў я прад абліччам Божым у сьвятле жывых. |