Biblia Todo Logo
Біблія онлайн

- Аб'явы -

ПСАЛТЫР 54 - Біблія (пераклад В. Сёмухі)


Пс 54

1 Кіроўцу хору. На струнных інструмэнтах. Вучэньне Давідава.

2 Пачуй, Божа, малітву маю, і ад маленьня майго не хавайся;

3 уваж мне і пачуй мяне; я стагну ў гароце маёй і бянтэжуся

4 ад крыку варожага, ад уціску бязбожнага; бо яны мне накідаюць беззаконьне і ў гневе супроць мяне варагуюць.

5 Сэрца маё трапеча ўва мне і сьмяротныя страхі мяне ахапілі;

6 страх і жудасьць мяне агарнулі, і вусьцішна мне.

7 І сказаў я: «Хто даў бы мне крылы, як у голуба? Я паляцеў бы і супакоіўся;

8 далёка заляцеў бы, і ў пустыні застаўся б;

9 пасьпяшаўся б схавацца ад буры й віхуры».

10 Разладзь, Госпадзе, і падзялі языкі іхнія, бо я гвалт і нязгоду ў горадзе бачу;

11 удзень і ўначы яны ходзяць навокал па ягоных мурах; зладзействы і бедствы ў ім;

12 сярод яго згуба; ашука і подступ ня сыходзяць з вуліц ягоных:

13 бо ня вораг мяне кляне, - гэта я ператрываў бы; не ненавісьнік мой узьвялічваецца нада мною - ад яго я схаваўся б;

14 а ты, хто быў мне тым, што і сам я сабе, сябар мой і паплечнік мой,

15 з кім мы шчырыя гутаркі мелі і разам хадзілі ў дом Божы.

16 Хай іх сьмерць ня міне; хай сыдуць яны жывыя ў пекла; бо злачынства ў сялібах іхніх, у іхнім сэрцы,

17 я ж паклічу Бога, і Гасподзь мяне выратуе.

18 Увечары і раніцай і апоўдні я буду маліць і прасіць, і Ён пачуе мой голас;

19 выбавіць душу маю ў спакоі ад тых, хто на мяне паўстае; бо іх многа ў мяне;

20 Бог выслухае, і суцешыць іх Той, Хто адвеку сядзіць на троне, бо няма ў іх перамены, і Бога яны не баяцца;

21 рукі свае паднялі на тых, якія зь імі ў міры, парушылі згоду сваю;

22 вусны ў іх гладкія, нібы масла, а ў сэрцы варожасьць у іх; словы іхнія лагаднейшыя за алей, а самі яны - мячы аголеныя.

23 Пакінь Госпаду клопат твой, і Ён падтрымае цябе. Ніколі ня дасьць Ён праведніку пахіснуцца.

24 Ты, Божа, зьвядзеш іх у яму пагібельную; крыважэрныя і падступныя не пражывуць палавіны дзён сваіх. А на Цябе, Госпадзе, спадзяюся.

Сачыце за намі:



Аб'явы