ПСАЛТЫР 51 - Біблія (пераклад В. Сёмухі)Пс 51 1 Кіроўцу хору. Вучэньне Давідава, 2 пасьля таго, як прыходзіў Доік Ідумэянін, і данёс Саўлу, і сказаў яму, што Давід прыйшоў у дом Ахімэлэхаў. 3 Чаго хвалішся злачынствам, магутны? Ласка Божая заўжды са мною; 4 твой язык наклікае пагібель; як брытва навостраная ён у цябе, падступнік! 5 Ты болей любіш зло, чым дабро, а няпраўду болей за праўду казаць; 6 ты любіш усякія шкадлівыя словы, язык аблудны. 7 За гэта Бог зруйнуе цябе дарэшты, выкіне цябе і вырве цябе зь сялібы тваёй і корань твой зь зямлі жывых. 8 Убачаць праведнікі і напалохаюцца; пасьмяюцца зь іх і скажуць: 9 вось чалавек, які ня ў Богу закладваў цьвярдыню сваю, а спадзяваўся на мностьва багацьця свайго, мацаваўся ў злачынстве сваім. 10 А я, як аліва зялёная, у доме Божым; і надзею кладу на міласьць Божую на векі вечныя, 11 вечна буду славіць Цябе за тое, што Ты ўчыніў, і на Тваё спадзявацца імя, бо яно добрае перад сьвятымі Тваімі. |