ПСАЛТЫР 50 - Біблія (пераклад В. Сёмухі)Пс 50 1 Кіроўцу хору. Псальма Давідава, 2 калі да яго прыходзіў прарок Натан пасьля таго, як Давід увайшоў да Вірсавіі. 3 Зьлітуйся, Божа, зь мяне ў вялікай ласцы Тваёй, і ў мностве шчадротаў Тваіх загладзь беззаконьні мае! 4 Адмый мяне шматкроць ад беззаконьня майго, і ад грэху майго ачысьці мяне: 5 бо беззаконьне маё я ўсьведамляю, і грэх мой заўсёды перада мною. 6 Табе, Табе аднаму я зграшыў і прад вачыма Тваімі благое ўчыніў: таму справядлівы Ты будзеш у прысудзе Тваім, і чысты ў судзе Тваім. 7 Вось, я ў беззаконьні зачаты, і ў грэху маці мая нарадзіла мяне. 8 Вось, палюбіў Ты праўду ў сэрцы і ўліў у мяне тайную мудрасьць. 9 Акрапі мяне ісопам, і ачышчуся: абмый мяне, і бялей за сьнег адбялюся. 10 Дай мне ўцеху пачуць і радасьць, і ўзрадуюцца косьці, Табою паламаныя. 11 Адвярні аблічча Тваё ад грахоў маіх і загладзь усе беззаконьні мае. 12 Чыстае сэрца ўмацуй ува мне, Божа, і дух справядлівы аднаві ўва мне. 13 Не адкінь мяне ад аблічча Твайго і Духа Твайго Сьвятога не адбірай у мяне. 14 Вярні мне радасьць збавеньня Твайго, і Духам Уладным мяне падтрымай. 15 Я навучу беззаконцаў дарогам Тваім, і бязбожныя да Цябе навернуцца. 16 Вызваль мяне ад крывавасьці, Божа, Божа ратунку майго; і язык мой уславіць праўду Тваю. 17 Госпадзе! адкрый вусны мае, і вусны мае прагалосяць славу Табе: 18 бо калі б ахвяры Ты пажадаў, я даў бы яе; цэласпаленьне Табе не падабаецца. 19 Ахвяра Богу - дух упакораны; сэрца ўпакоранае і зьміранае Бог ня зьнішчае. 20 Ушчасьліві, Госпадзе, добрай воляй Тваёю Сіён, і хай паўстануць муры Ерусалімскія. 21 Тады ўпадабаеш Ты ахвяру праўды, прынашэньні і цэласпаленьні; тады пакладуць на алтар Твой цялят. |