Biblia Todo Logo
Біблія онлайн
- Аб'явы -

ПСАЛТЫР 49 - Біблія (пераклад В. Сёмухі)


Пс 49

1 Псальма Асафава. Бог над багамі, Гасподзь, прамовіў, і заклікае зямлю, ад усходу сонца да захаду.

2 Зь Сіёна, які ёсьць карона красы, зьяўляецца Бог,

3 ідзе Бог наш - і не маўчыць: перад ім вагонь пажыральны, а вакол Яго моцная бура.

4 Ён заклікае нябёсы згары, і зямлю - народ Свой судзіць:

5 «зьбярэце Мне пабожных Маіх, што пры ахвяры склалі са мной запавет».

6 І абвесьцяць нябёсы праўду Ягоную; бо судзьдзя гэты - Бог.

7 Слухай, народзе Мой, буду Я прамаўляць, Ізраіле! буду Я сьведчыць супроць цябе: Я - Бог, твой Бог.

8 Не за ахвяры твае Я дакарацьму цябе; цэласпаленьні твае заўжды прада Мною,

9 не вазьму цяляці з дома твайго, ні казлоў з кашараў тваіх;

10 бо Мае ўсе зьвяры ў лесе, і быдла на тысячы гор,

11 ведаю ўсё птаства ў гарах і зьвер польны прада Мною.

12 Калі б Я быў галодны, дык не сказаў бы табе; бо Мой сусьвет і ўсё, што яго напаўняе.

13 Ці ем Я валовае мяса, і ці п'ю Я казьліную кроў?

14 Прынясі Богу ў ахвяру падзяку, і выконвай твае абяцаньні Ўсявышняму,

15 і пакліч Мяне ў дзень смутку; Я ўратую цябе, і ты ўславіш Мяне.

16 А грэшніку кажа Бог: чаго прапаведуеш ты ўстанаўленьні Мае і бярэш Мой запавет у вусны твае,

17 а сам ненавідзіш Маё настаўленьне, і словы Мае за сябе адкідаеш?

18 Калі бачыш ты злодзея, лагодзішся зь ім, і зь пералюбцамі стасункуешся,

19 вусны твае пускаеш на слова ліхое і язык твой хітрыну пляце;

20 сядзіш і на брата твайго намаўляеш, на сына маці тваёй паклёпы пускаеш;

21 ты гэта рабіў, і Я маўчаў; ты падумаў, што Я такі самы, як ты. Выкрыю цябе, і пакажу вачам тваім грахі твае.

22 Зразумейце гэта вы, хто забывае Бога, каб Я не забраў вас, бо ня будзе каму ратаваць.

23 Хто ў ахвяру падзяку прыносіць, той шануе Мяне, і хто на дарогі свае зважае, таму пакажу Я Божы ратунак!

Сачыце за намі:



Аб'явы