ПСАЛТЫР 45 - Біблія (пераклад В. Сёмухі)Пс 45 1 Кіроўцу хору. Сыноў Карэевых. На музычным інструмэньце Аламот. Песьня. 2 Бог нам прыстанішча і сіла, хуткі памочнік у нягодах. 3 Таму не ўбаімся, хоць бы зямля здрыганулася і горы рушыліся б у сэрцы мораў. 4 Хай шумяць, уздымаюцца воды іх, трасуцца горы ад хваляваньня іх. 5 Рачныя патокі весяляць горад Божы, сьвятое жытло Ўсявышняга. 6 Бог сярод яго; ён не пахісьнецца: Бог дапаможа яму з самае раніцы. 7 Зашумелі народы; пахіснуліся царствы: а Ён голас падаў Свой, і растала зямля. 8 Гасподзь сілы з намі, Бог Якава заступнік наш. 9 Прыйдзеце і пабачце дзеі Гасподнія, - якія ўчыніў Ён на зямлі спусташэньні: 10 спыняючы войны да краю зямлі, зламаў лук і струшчыў дзіду, калясьніцы спаліў вагнём. 11 Спынецеся і ўведайце, што Я - Бог: буду праслаўлены сярод народаў, праслаўлены на зямлі. 12 Гасподзь сілы з намі, заступнік наш Бог Якава. |