ПСАЛТЫР 44 - Біблія (пераклад В. Сёмухі)Пс 44 1 Кіроўцу хору. На музычным інструмэньце Шошан. Вучэньне. Сыноў Карэевых. Песьня каханьня. 2 Маё сэрца вылілася добрым словам; я кажу: песьня мая пра Цара; язык мой - пяро хуткага пісьма. 3 Ты прыгажэйшы за сыноў чалавечых; мілата з Тваіх вуснаў вылілася; таму дабраславіў Цябе Бог навечна. 4 Аперажыся мечам па паясьніцы Тваёй, Магутны, славаю Тваёю і хараством Тваім, 5 і ў гэтым уборы Тваім пасьпяшайся, сядзь на калясьніцу дзеля праўды і лагоды і справядлівасьці, і правіца Твая пакажа Табе дзівосныя дзеі. 6 Вострыя стрэлы Твае - народы ўпадуць прад Табою, - яны - у сэрцы ворагаў Царовых. 7 Трон Твой, Божа, навечна; жазло праўды - жазло царства Твайго. 8 Ты палюбіў праўду і зьненавідзеў бяспраўе, таму памазаў Цябе, Божа, Бог Твой алеем радасьці больш, чым саўдзельцаў Тваіх. 9 Усё адзеньне Тваё - як сьмірна і альяс і касія; з харомаў слановай косьці Цябе зьвесяляюць. 10 Дочкі царскія ў Цябе сярод ганаровых; стала царыца праваруч Цябе ў Афірскім золаце. 11 Слухай, дачка, і глядзі, і прыхілі тваё вуха, і забудзь народ твой і дом бацькі твайго. 12 І запрагне Цар прыгажосьці тваёй; бо Ён Гасподзь твой, і ты пакланіся Яму. 13 І дачка Тырская прыйдзе з дарункамі, і будуць прасіць цябе найбагацейшыя людзі. 14 Уся слава Царовай дачкі ўсярэдзіне; адзежа яе шытая золатам; 15 ва ўзорыстай адзежы вядуць яе да Цара; за ёю вядуць да Цябе дзяўчат, сябровак яе. 16 Прыводзяць іх з радасьцю і пацяшэньнем, уваходзяць у харомы Царовыя. 17 Замест бацькоў Тваіх будуць сыны Твае; Ты паставіш іх валадарамі на ўсёй зямлі. 18 Зраблю імя Тваё памятным ва ўсіх пакаленьнях; таму народы будуць славіць Цябе векавечна. |