ПСАЛТЫР 40 - Біблія (пераклад В. Сёмухі)Пс 40 1 Кіроўцу хору. Псальма Давідава, 2 Дабрашчасны, хто дбае пра ўбогага! У дзень бедства выбавіць яго Гасподзь. 3 Гасподзь ахавае яго і жыцьцё яму зьберажэ; дабрашчасны ён на зямлі будзе. І Ты не здасі яго на волю ворагаў ягоных. 4 Гасподзь умацуе яго на ложку хваробы ягонай. Ты зьменіш увесь ложак ягоны ў хваробе ягонай. 5 Я сказаў: Госпадзе! зьлітуйся зь мяне, вылечы душу маю; бо зграшыў я прад Табою. 6 Ворагі мае пра мяне кажуць благое: «Калі ён памрэ, і загіне імя ягонае?» 7 І калі хто прыходзіць пабачыць мяне, кажа няпраўду; сэрца ягонае складае ў сабе няпраўду, і ён, выйшаўшы, гаворыць пра тое. 8 Усе ненавідзяць мяне, шэпчуцца паміж сабою супроць мяне, благое супроць мяне намышляюць: 9 «слова Веліяла прыйшло на яго; ён лёг; і болей ня ўстане». 10 Нават чалавек мірны са мною, на якога я спадзяваўся, які еў мой хлеб, падняў на мяне нагу. 11 А Ты, Госпадзе, зьлітуйся зь мяне і мяне падымі, і я ім заплачу. 12 З таго даведаюся, што Ты любіш мяне, калі вораг мой не апануе мяне, 13 а мяне захаваеш у цэласьці маёй і паставіш прад абліччам Тваім навечна. 14 Дабраславёны Гасподзь, Бог Ізраілеў, адвечна й навечна! Амін, амін! |