ПСАЛТЫР 37 - Біблія (пераклад В. Сёмухі)Пс 37 1 Псальма Давідава. На ўспамін пра суботу. 2 Госпадзе! ня выкрывай мяне ў гневе Тваім, і не карай мяне ў гневе Тваім, 3 бо стрэлы Твае ўпіліся ў мяне і рука Твая мяне ацяжае. 4 Няма цэлага месца на целе маім ад гневу Твайго; няма спакою ў костках маіх ад грахоў маіх, 5 бо злачынствы мае вышэй галавы, як вялікі цяжар, зьнясілілі мяне, 6 сьмярдзяць, гнаяцца раны мае ад безгалоўя майго. 7 Я сагнуты і панураны ўвесь, цэлы дзень бядуючы хаджу; 8 бо сьцёгны мае паліць вагонь, і няма цэлага месца ў целе маім. 9 Я змогся і зьнясіліўся цяжка; крычу ад пакуты сэрца майго. 10 Госпадзе! прад Табою ўсе жаданьні мае, і ўздыханьне маё ад Цябе не схаванае. 11 Сэрца маё трымціць; пакінула мяне сіла мая, і сьвятло вачэй маіх - і таго няма ў мяне. 12 Сябры мае і прыяцелі адступіліся ад няшчасьця майго, і блізкія мае далёка стаяць. 13 Цянёты паставілі тыя, хто пільнуе душу маю, і хто прагне мне ліха, пра пагібель маю гавораць, і намышляюць штодзень мне благое; 14 а я, як глухі, ня чую, і як нямко, што вуснаў сваіх не растуляе; 15 і стаў я, як чалавек, што ня чуе і ня мае ў вуснах сваіх адказу, 16 бо на Цябе, Госпадзе, спадзяюся я; Ты пачуеш, Госпадзе, Божа мой. 17 І сказаў я: няхай не падымуцца нада мною мае ворагі; калі дрыжыць нага мая, хай ня ўзносяцца яны нада мною. 18 Я да ўпадку гатовы, і скруха мая заўжды перада мною. 19 Беззаконьне сваё я ўсьведамляю; і ўбольваюся ў грэху маім. 20 А мае ворагі жывуць і мацуюцца, і памнажаюцца тыя, што ненавідзяць мяне, невінаватага; 21 і тыя, што плацяць мне злом за дабро, ваююць супроць мяне, бо я за добрым іду. 22 Не пакінь мяне, Госпадзе Божа мой! не адыходзь ад мяне; 23 пасьпяшайся на дапамогу мне, Госпадзе, Збаўца мой! |