ПСАЛТЫР 35 - Біблія (пераклад В. Сёмухі)Пс 35 1 Кіроўцу хору. Раба Гасподняга Давіда. 2 Грэшнасьць бязбожніка гаворыць у сэрцы маім: няма страху Божага перад вачыма ягонымі, 3 бо ягоныя вочы лісьлівяць яму, быццам шукаюць віну, каб зьненавідзець яе; 4 словы з вуснаў ягоных - няпраўда і хітрына; ня хоча ён быць мудрым, каб рабіць дабро. 5 Несправядлівасьць намышляе ён на пасьцелі сваёй, на благі становіцца шлях, ня грэбуе злом. 6 Госпадзе! ласка Твая да нябёсаў, праўда Твая пад хмары! 7 Праўда Твая - як горы Божыя, і суды Твае - бездань вялікая! Людзей і быдла захоўваеш Ты, Госпадзе! 8 Якая каштоўная ласка Твая, Божа! Сынам чалавечым у цені крылаў Тваіх спакойна; 9 наядаюцца сытасьцю дома Твайго, і з плыні слодычаў Тваіх Ты выпойваеш іх, 10 бо ў Табе крыніца жыцьця; у сьвятле Тваім мы бачым сьвятло. 11 Пашыры ласку Тваю на тых, што Цябе ведаюць, і праўду Тваю на людзей, шчырых сэрцам, 12 хай не наступіць на мяне нага гардзеі, і рука грэшніка хай не прагоніць мяне. 13 Там упалі беззаконьнікі, скінутыя, і ня могуць устаць. |