ПСАЛТЫР 31 - Біблія (пераклад В. Сёмухі)Пс 31 1 Псальма Давідава. Вучэньне. Дабрашчасны, каму дараваны злачынствы, і чые грахі адшкадаваныя, 2 дабрашчасны той, каму Гасподзь грахоў не залічыць, і ў чыім духу хітрыны няма! 3 Калі я маўчаў, састарэлі косткі мае ад штодзённага стогну майго, 4 бо дзень і ноч нада мною рука Твая цяжкая; зьнікла сьвежасьць мая, як у летнюю сушу. 5 Але Я адкрыў табе грэх мой і ня ўтоіў беззаконьня майго; я сказаў: «вызнаю Госпаду злачынствы мае»; і Ты зьняў зь мяне віну грэху майго. 6 За тое памоліцца Табе кожны праведнік у час адпаведны, і тады разьліва вялікай вады не дастане яго. 7 Ты - маё покрыва; Ты асланяеш мяне ад скрухі, атачаеш мяне радасьцямі збавеньня. 8 «Увяду цябе ў розум, настаўлю цябе на шлях, па якім табе йсьці; буду табой кіраваць, вока Маё над табою». 9 «Ня будзьце, як конь, як мул бязглузды, чые храпы цугляць трэба кілзамі і аброцьцю, каб яны Табе ўпакорваліся. 10 Шмат смуткаў бязбожнаму; а таго, хто на Госпада мае надзею, атачае міласьць. 11 Весялецеся ў Госпадзе, цешцеся, праведныя; сьпявайце радасна ўсе, у каго шчырае сэрца. |