ПСАЛТЫР 30 - Біблія (пераклад В. Сёмухі)Пс 30 1 Кіроўцу хору. Псальма Давідава. 2 На Цябе, Госпадзе, надзея мая, хай сораму вавек ня мецьму; па праўдзе Тваёй збаві мяне; 3 прыхілі да мяне вуха Тваё, пасьпяшайся збавіць мяне. Будзь мне каменнаю цьвярдыняю, прыстанішчам, каб уратаваць мяне, 4 бо Ты каменная гара мая і агароджа мая; дзеля імя Твайго вядзі мяне і кіруй мною. 5 Выведзі мяне зь сеткі, якую тайна раскінулі на мяне; бо Ты цьвярдыня мая. 6 У Тваю руку аддаю дух мой; Ты выбаўляў мяне, Госпадзе, Божа праўды. 7 Ненавіджу шаноўцаў марных ідалаў; а на Госпада надзея мая. 8 Буду радавацца і весяліцца ў міласьці Тваёй, бо Ты прыгледзеўся да бедства майго, уведаў гора душы маёй, 9 і не перадаў мяне ў рукі ворагаў; паставіў ногі мае на прасторным месцы. 10 Умілажалься зь мяне, Госпадзе, бо мне цесна; высахла з гора вока маё, душа мая і нутроба мая. 11 Вычарпалася ў скрусе жыцьцё маё і леты мае ў стагнотах; зьнемагла ад грахоў маіх сіла мая, і высахлі косткі мае. 12 Ад усіх маіх ворагаў стаўся я кляцьбою нават у суседзяў маіх і страшыдлам знаёмым маім; хто бачыць мяне на вуліцы, уцякае. 13 Я забыты ў сэрцах, як мёртвы; я - як посуд разьбіты, 14 бо чую ліхаслоўе многіх; адусюль жудасьць, калі яны змаўляюцца супраць мяне, намышляюць вырваць душу маю. 15 А я на Цябе, Госпадзе, спадзяюся; я кажу: Ты мой Бог. 16 У Тваёй руцэ дні мае; вызваль мяне ад рукі маіх ворагаў і ад тых, што гоняць мяне. 17 Пакажы сьветлае аблічча Тваё рабу Твайму; уратуй мяне літасьцю Тваёю. 18 Госпадзе! хай ня будзе мне сораму, што я Цябе заклікаю; а бязбожным хай будзе брыдка, хай прападуць у пекле. 19 Хай зьнямеюць вусны аблудныя, што гідоту гавораць на праведнага з пыхаю і пагардаю. 20 Як многа ў Цябе дабротаў, якія Ты прыхаваў тым, што баяцца Цябе, і якія Ты падрыхтаваў тым, што на Цябе спадзяюцца перад сынамі чалавечымі! 21 Ты хаваеш іх пад аслонай аблічча Твайго ад людзкіх бунтаў; хаваеш іх у зацішку ад ліхіх языкоў. 22 Дабраславёны Гасподзь, што ўчыніў мне дзівосны Свой мілажаль ва ўмацаваным горадзе! 23 У сумненьні маім я думаў: адхілены я ад вачэй Тваіх; але Ты пачуў голас малітвы маёй, калі я паклікаў Цябе. 24 Любеце Госпада, усе праведнікі Ягоныя; Гасподзь ахоўвае верных, а пагарднікам зь лішкам вяртае. 25 Будзьце мужныя, і хай мацуецца сэрца ваша, усе, хто надзею на Госпада мае! |