Biblia Todo Logo
Біблія онлайн
- Аб'явы -

ПСАЛТЫР 29 - Біблія (пераклад В. Сёмухі)


Пс 29

1 Псальма Давідава пры абнаўленьні дома.

2 Услаўлю Цябе, Госпадзе, што Ты падняў мяне і ня даў маім ворагам перамагчы мяне.

3 Госпадзе Божа мой! я паклікаў Цябе, і Ты мяне вылечыў.

4 Госпадзе! Ты вывеў зь пекла душу маю і ажывіў мяне, каб я ня сышоў у магілу.

5 Сьпявайце Госпаду, сьвятыя Ягоныя, слаўце памяць сьвятыні Ягонай,

6 бо на хвіліну гнеў Ягоны, на ўсё жыцьцё ўпадабаньне Ягонае: увечары пачынаецца плач, а на раніцу - радасьць.

7 І я казаў у дабрадзействе маім: «не пахіснуся вавек».

8 Па ўпадабаньні Тваім, Госпадзе, Ты ўмацаваў гару маю; але Ты схаваў аблічча Тваё, і я сумеўся:

9 Тады Цябе, Госпадзе, я клікаў, і Госпада майго я маліў:

10 «якая карысьць у крыві маёй, калі я сыду ў магілу? ці ж будзе тло маё Цябе славіць? ці будзе ўзьвяшчаць Тваю праўду?

11 пачуй, Госпадзе, і памілуй мяне, Госпадзе! будзь мне памочнікам».

12 І Ты скаргі мае абярнуў у радасьць, вярэту маю зьняў зь мяне і аперазаў мяне весялосьцю,

13 хай славіць Цябе душа мая і хай не змаўкае. Госпадзе Божа мой! буду славіць Цябе вечна.

Сачыце за намі:



Аб'явы