Biblia Todo Logo
Біблія онлайн
- Аб'явы -

ПСАЛТЫР 28 - Біблія (пераклад В. Сёмухі)


Пс 28

1 Псальма Давідава. Напрыканцы сьвята Кучак. Аддайце Госпаду, сыны Божыя, аддайце Госпаду славу і чту,

2 аддайце Госпаду славу імя Ягонага; пакланецеся Госпаду ў пышнай сьвятасьці Ягонай.

3 Голас Гасподні над водамі, Бог славы загрымеў, Гасподзь над вялікімі водамі.

4 Голас Гасподні моцны; голас Гасподні велічны.

5 Голас Гасподні ламае кедры; Гасподзь ламае кедры Ліванскія

6 і прымушае іх скакаць, як цялят, Ліван і Сірыён - як маладога аднарога.

7 Голас Гасподні выкрасае полымя вогненнае.

8 Голас Гасподні трасе пустыню; трасе Гасподзь пустыню Кадэс.

9 Голас Гасподні прымушае касуль каціцца, і агаляе лясы; і ў храме Ягоным абвяшчае пра славу Ягоную.

10 Гасподзь сядзеў над патопам, і сядзецьме Гасподзь царом вечна.

11 Гасподзь дасьць сілу народу Свайму; Гасподзь дабраславіць народ Свой мірам.

Сачыце за намі:



Аб'явы