ПСАЛТЫР 26 - Біблія (пераклад В. Сёмухі)Пс 26 1 Псальма Давідава. Перад памазаньнем. Гасподзь - сьвятло маё і ратунак мой: каго мне баяцца? Гасподзь - цьвярдыня жыцьця майго: каго мне палохацца? 2 Калі будуць наступаць на мяне зласьліўцы, супастаты і ворагі мае, каб зжэрці цела маё, яны спатыкнуцца самі і ўпадуць. 3 Калі выступіць супраць мяне кагорта, не збаіцца сэрца маё; калі на мяне паўстане вайна, і тады спадзявацца буду. 4 Аднаго я прасіў у Госпада, толькі таго шукаю, каб жыць мне ў доме Гасподнім ва ўсе дні жыцьця майго, сузіраць хараство Гасподняе і наведваць сьвятыню Ягоную; 5 бо Ён схаваў бы мяне ў Сваёй скініі ў дзень няшчасьця; схаваў бы мяне ў патайным месцы Свайго селішча, узьнёс бы мяне на скалу. 6 Тады ўзьнеслася б галава мая над ворагамі наўкола мяне; і прынёс бы я ў Ягонай скініі ахвяры славаслоўя; сьпяваў бы і славіў бы прад Госпадам. 7 Пачуй, Госпадзе, голас мой, якім я клічу; зьлітуйся зь мяне і азьвіся мне. 8 Сэрца маё кажа ад Цябе: «шукайце аблічча Майго»; і я буду шукаць аблічча Тваё, Госпадзе. 9 Не схавай ад мяне аблічча Твайго, не адкінь у гневе раба Твайго. Ты быў мой памочнік; не гані мяне і не пакінь мяне, Божа, Ратаўнік мой! 10 Бо мой бацька і маці мая кінулі мяне; але Гасподзь мяне прыме; 11 навучы мяне, Госпадзе, шляху Твайму, і накіруй мяне на сьцежку праўды, дзеля ворагаў маіх; 12 не выдавай мяне сваволі ворагаў маіх; бо паўсталі на мяне сьведкі аблудныя і дыхаюць злосьцю. 13 Але я веру, што ўбачу даброць Гасподнюю на зямлі жывых. 14 Май надзею на Госпада, будзь мужны; і хай мацуецца сэрца тваё, май надзею на Госпада. |