Biblia Todo Logo
Біблія онлайн
- Аб'явы -

ПСАЛТЫР 143 - Біблія (пераклад В. Сёмухі)


Пс 143

1 Давідава супроць Галіяфа. Дабраславёны Гасподзь, цьвярдыня мая, які навучае рукі мае да бою і пальцы мае - да вайны,

2 літасьць мая і аслона мая, сховішча маё і Збаўца мой, шчыт мой, - і я на Яго спадзяюся; Ён мой народ мне паддае.

3 Госпадзе! што ёсьць чалавек, што пра яго Ты ведаеш, і сын чалавечы, як на яго зважаеш?

4 Чалавек падобны да дыханьня; дні ягоныя - як цень мінушчы.

5 Госпадзе! Нахілі нябёсы Твае, і сыдзі; дакраніся да гор, і задымяцца;

6 блісьні маланкаю, і расьсей іх; пусьці стрэлы Твае, і разладзь іх.

7 Працягні з вышыні руку Тваю, збаві мяне і ўратуй ад водаў вялікіх, ад рукі сыноў чужынскіх,

8 чые вусны маўляюць марнае, і чыя правіца - правіца маны.

9 Божа! новую песьню Табе засьпяваю, на дзесяціструннай псалтыры Табе засьпяваю,

10 даравальніку перамогі царам і збаўцу Давіда, раба Твайго, ад лютага меча.

11 Збаві мяне і ўратуй мяне ад рукі сыноў чужынскіх, чые вусны маўляюць марнае, і чыя правіца - правіца маны.

12 Хай будуць сыны нашыя, як расьліны збуялыя ў іх маладосьці; дочкі нашыя - як слупы на акрасу разьбёныя ў харомах.

13 Хай будуць засекі нашыя поўныя, поўныя ўсякім збожжам, хай плодзяцца авечкі нашыя тысячамі і цьмамі на палетках нашых;

14 хай будуць валы нашыя сытыя; хай ня будзе ні крадзяжу, ні пропадзі, ні енку на вуліцах нашых.

15 Дабрашчасны народ, які гэта мае. Дабрашчасны народ, у якога Гасподзь ёсьць Бог.

Сачыце за намі:



Аб'явы