ПСАЛТЫР 139 - Біблія (пераклад В. Сёмухі)Пс 139 1 Кіроўцу хору. Псальма Давідава. 2 Збаві мяне, Госпадзе, ад чалавека ліхога; ахавай мяне ад прыгнятальніка: 3 яны ліхое думаюць у сэрцы, кожны дзень на бойку ладзяцца, 4 яны востраць свой язык, як зьмей, яд асьпіда пад вуснамі іхнімі. 5 Упільнуй мяне, Госпадзе, ад рук бязбожнага, ахавай мяне ад прыгнятальнікаў, якія намысьлілі пахіснуць ногі мае. 6 Гардзеі паставілі на мяне пасткі і петлі, раскінулі сетку на дарозе, цянёты раскінулі на мяне. 7 Я сказаў Госпаду: Ты - Бог мой; пачуй, Госпадзе, голас маленьняў маіх! 8 Госпадзе, Госпадзе, сіла ратунку майго! Ты пакрыў галаву маю ў дзень бою. 9 Ня дай, Госпадзе, жаданага бязбожніку; ня дай посьпеху ліхому намыслу яго; яны заганарацца. 10 Хай пакрые галовы тых, што мяне абступілі, ліха ад іхніх жа вуснаў. 11 Хай ападзе на іх распалены жар; хай будуць укінуты ў вагонь, у прорвы, каб і ня ўсталі. 12 Чалавек злоязыкі хай ня ўмацуецца на зямлі; а ліха няхай прыгнятальніка ў пропадзь зьвядзе. 13 Ведаю, што Гасподзь ўчыніць суд над прыгнятальнікамі і справядлівасьць бедным. 14 Так! праведныя ўславяць імя Тваё: беззаганныя будуць жыць прад абліччам Тваім. |