ПСАЛТЫР 136 - Біблія (пераклад В. Сёмухі)Пс 136 1 Давідава. Над рэкамі Вавілона, там сядзелі і плакалі мы, калі згадвалі пра Сіён. 2 На вербах пасярод яго павесілі мы свае арфы. 3 А тыя, што нас паланілі, песьняў ад нас патрабавалі, а нашыя прыгнятальнікі - весялосьці: «пасьпявайце нам зь песьняў Сіёна». 4 Як нам сьпяваць Гасподнюю песьню на чужынскай зямлі? 5 Калі забуду цябе, Ерусаліме, хай забудзе мяне правіца мая; 6 хай прыліпне язык мой да паднябеньня, калі помніць цябе я ня буду, калі не пастаўлю Ерусаліма на чале весялосьці маёй. 7 Прыгадай, Госпадзе, сынам Эдомавым дзень Ерусаліма, калі казалі яны: «руйнуйце, руйнуйце да падмурка яго». 8 Дачка Вавілона, спусташальніца! дабрашчасны, хто ўдзеліць табе за тое, што зрабіла ты нам! 9 Дабрашчасны, хто возьме й заб'е немаўлятак тваіх аб камень! |