ПСАЛТЫР 131 - Біблія (пераклад В. Сёмухі)Пс 131 1 Песьня ўзыходжаньня. Спамяні, Госпадзе, Давіда, і ўсе ягоныя пакуты: 2 як ён прысягаў Госпаду, даваў зарок Моцнаму Якава; 3 «не ўвайду ў палатку дома майго, ня ўзыду на ложак мой; 4 ня дам сну вачам маім і павекам маім дрымоты, 5 пакуль не знайду месца Госпаду, жытлішча Моцнаму Якава». 6 Вось, мы чулі пра яго ў Эфраце, знайшлі яго на палях Ярыма. 7 Пойдзем да жытлішча Ягонага, паклонімся падножжу ног Ягоных. 8 Стань, Госпадзе, на месца пакою Твайго, Ты і каўчэг магутнасьці Тваёй. 9 Сьвятары Твае апранаюцца ў праўду, і сьвятыя Твае ўзрадуюцца. 10 Дзеля Давіда, раба Твайго, не адвярні аблічча памазанца Твайго. 11 Прысягаў Гасподзь Давіду ў ісьціне, і не зрачэцца яе; «ад плоду ўлоньня твайго пасаджу на троне тваім. 12 Калі сыны твае будуць шанаваць запавет Мой і Мае сьведчаньні, якім Я іх навучу: дык і іхнія сыны вечна сядзецьмуць на троне тваім». 13 Бо выбраў Гасподзь Сіён; пажадаў яго жытлом Сабе. 14 «Гэта - спакой Мой навечна; тут пасялюся, бо Я пажадаў яго. 15 Ежу ягоную дабраслаўляючы дабраслаўлю, убогіх ягоных накармлю хлебам; 16 сьвятароў ягоных апрану ў выратаваньне, і сьвятыя ягоныя радасьцю ўзрадуюцца. 17 Там згадую рог Давіду, пастаўлю сьветач памазанцу Майму. 18 Ворагаў ягоных апрану ў сорам; а на ім будзе зьзяць вянок ягоны». |