ПСАЛТЫР 113 - Біблія (пераклад В. Сёмухі)Пс 113 1 Алілуя. Калі выйшаў Ізраіль зь Егіпта, дом Якава - з народу іншапляменнага, 2 Юда зрабіўся сьвятыняю Ягонаю, Ізраіль - валоданьнем Ягоным. 3 Мора ўгледзела, і пабегла; Ярдан павярнуўся назад. 4 Горы скакалі, як бараны, і пагоркі, як ягняткі. 5 Што з табою, мора, чаго ты пабегла, і з табою, Ярдане, чаго павярнуўся назад? 6 Чаго вы скачаце, горы, як бараны, і вы, пагоркі, як ягняткі? 7 Прад абліччам Госпада дрыжы, зямля, прад абліччам Бога Якава, 8 Які ператварае скалу ў возера вады і камень - у крыніцу вады. 9 Ня нам, Госпадзе, ня нам, а імю Твайму дай славу, дзеля ласкі Тваёй, дзеля праўды Тваёй. 10 Навошта язычнікі кажуць: дзе ж іхні Бог? 11 Бог наш на небе і на зямлі; творыць усё, што хоча. 12 А іхнія ідалы - срэбра і золата, творы рук чалавечых. 13 Ёсьць у іх вусны, але не гавораць; ёсьць у іх вочы, але ня бачаць; 14 ёсьць у іх вушы, але ня чуюць; ёсьць у іх ноздры, але нюху няма; 15 ёсьць у іх рукі, але не адчуваюць; ёсьць у іх ногі, але ня ходзяць; і яны гукаў не выдабываюць з горла свайго. 16 Няхай будуць да іх падобныя тыя, што іх робяць, і ўсе, хто на іх спадзяецца. 17 Доме Ізраілеў! спадзявайся на Госпада; Ён - нам дапамога і шчыт. 18 Доме Ааронаў! спадзявайся на Госпада; Ён - нам дапамога і шчыт. 19 Хто баіцца Госпада! спадзявайся на Госпада; Ён - нам дапамога і шчыт. 20 Гасподзь нас памятае, дабраслаўляе нас, дабраслаўляе Ізраілеў дом, дабраслаўляе Ааронаў дом; 21 дабраслаўляе тых, што баяцца Госпада, малых і вялікіх. 22 Няхай дадасьць вам Гасподзь болей і болей, вам і дзецям вашым, 23 дабраславёныя вы Госпадам, Які стварыў неба і зямлю. 24 Неба - неба Госпаду, а зямлю Ён даў сынам чалавечым. 25 Ня мёртвыя ўславяць Госпада, ні ўсё, што ў магілу сыходзіць, 26 а мы жывыя дабраслаўляцьмем Госпада ад сёньня і давеку. Алілуя. |