ПСАЛТЫР 112 - Біблія (пераклад В. Сёмухі)Пс 112 1 Алілуя. Хвалеце, рабы Гасподнія, хвалеце імя Гасподняе. 2 Хай будзе імя Гасподняе дабраславёна ад сёньня і навечна, 3 ад усходу сонца да захаду хай будзе праслаўлена імя Гасподняе; 4 Высокі над усімі народамі Гасподзь; над нябёсамі слава Ягоная. 5 Хто - як Гасподзь, Бог наш, Які, жывучы ў высях, 6 прыхіляецца, каб дагледзець неба і зямлю; 7 з тла падымае беднага, з гразі ўзвышае ўбогага, 8 каб пасадзіць яго з князямі, з князямі народу Ягонага; 9 няплодную ўсяляе ў дом мацераю, што радуецца за дзяцей? Алілуя! |