ПСАЛТЫР 108 - Біблія (пераклад В. Сёмухі)Пс 108 1 Кіроўцу хору. Псальма Давідава. Божа хвалы маёй! не прамаўчы, 2 бо разьзявіліся на мяне вусны бязбожныя і вусны падступныя; 3 адусюль атачылі мяне словамі нянавісьці, узбройваюць супраць мяне бяз прычыны; 4 за любоў маю ваююць супраць мяне; а я малюся; 5 аддаюць мне злом за дабро, за любоў маю - нянавісьцю. 6 Пастаў над імі бязбожнага, і д'ябал хай стане праваруч яго. 7 Калі будзе судзіцца, хай будзе вінаваты, і малітва ягоная няхай стане грэхам; 8 хай дні ягоныя будуць кароткія, і пасад ягоны іншы хай прыймае; 9 дзеці ягоныя няхай будуць сіротамі, а жонка ягоная - удавою; 10 хай бадзяюцца дзеці ягоныя і жабруюць, і просяць хлеба з руінаў сваіх; 11 хай захопіць ліхвяр усё, што ёсьць у яго, хай другія захопяць працу ягоную; 12 хай ніхто яму не паспагадае; хай ніхто ня зьлітуецца зь сіротаў ягоных; 13 хай будуць нашчадкі ягоныя на пагібель, і хай забудзецца іхняе імя ў наступным родзе; 14 хай згадаецца прад Госпадам беззаконьне бацькоў ягоных, і грэх маці ягонай хай не загладзіцца; 15 хай будуць заўсёды яны ў вачах Госпада, і хай вынішчыць Ён на зямлі пра іх памяць 16 за тое, што ён ня думаў пра літасьць, а гнаў чалавека беднага і ўбогага і зламанага сэрцам, каб забіць яго; 17 палюбіў праклён, і праклён спадобіць яго; не захацеў дабраславеньня, яно ад яго і адыдзе; 18 хай у пракляцьце апранецца, быццам у рызу, і хай увойдзе яно, як вада, у нутробу ягоную і, як алей, у косткі ягоныя; 19 хай будзе яно яму, нібы вопратка, у якую ён апранецца, і як пояс, якім заўсёды перапаясваецца. 20 Такая аддача ад Госпада ворагам маім і тым, што ліхасловяць душу маю! 21 Са мною, Госпадзе, Госпадзе, чыні дзеля імя Твайго, бо добрая міласьць Твая; уратуй мяне, 22 бо я бедны і ўбогі, і сэрца маё паранена ўва мне. 23 Я зьнікаю, быццам цень, калі хіліцца дзень, гоняць мяне, як саранчу. 24 Калені мае зьнемаглі ад посту, і цела маё засталося бяз тлушчу. 25 Я зрабіўся для іх пасьмешышчам; убачыўшы мяне, галовамі круцяць. 26 Памажы мне, Госпадзе, Божа мой; уратуй мяне з ласкі Тваёй, 27 хай уведаюць, што гэта Твая рука, і што Ты, Госпадзе, учыніў гэта. 28 Яны праклінаюць, а Ты дабраславі; яны паўстаюць, але няхай будуць пасаромленыя; а раб Твой хай радуецца. 29 Хай апрануцца праціўнікі мае ў ганьбу і, як вопраткаю, хай накрыюцца сорамам сваім. 30 І я голасна буду вуснамі сваімі славіць Госпада і сярод мноства Яго праслаўляць: 31 бо Ён стаіць праваруч беднага, каб ратаваць яго ад судзьдзяў душы ягонай. |