ПСАЛТЫР 107 - Біблія (пераклад В. Сёмухі)Пс 107 1 Песьня. Псальма Давідава. 2 Гатовае сэрца маё, Божа, гатовае сэрца маё; буду пяяць і апяваць у славе маёй. 3 Паўстань, псалтыр і арфа! Я ўстану рана. 4 Славіць буду Цябе, Госпадзе, сярод народаў; славіць буду Цябе, сярод плямёнаў, 5 бо вышэй за нябёсы ласка Твая і ў пазахмар'і праўда Твая. 6 Узьнясіся вышэй за нябёсы, Божа; і над усёю зямлёю будзе слава Твая, 7 каб вызваліліся аблюбенцы Твае: уратуй правіцай Тваёю, і пачуй мяне. 8 Бог сказаў у сьвятыні Сваёй: няхай разьвесялюся - падзялю Я Сіхем, і даліну Сукот абмераю. 9 Мой Галаад, Мой Манасія, Яфрэм крэпасьць Маёй галавы, Юда скіпетр Мой, 10 Мааў умывальная шаля Мая, на Эдом абуткам кіну Маім, над зямлёю Філістымскаю клікаць буду. 11 Хто ўвядзе мяне ў горад умацаваны? Хто давядзе мяне да Эдома? 12 Ці ня Ты, Божа, Які нас адкінуў, і ня выходзіш, Божа, з войскам нашым? 13 Падай дапамогу нам ва ўціску, бо абарона людзкая - марнота. 14 З Богам мы выявім сілу; Ён скіне ворагаў нашых. |