ПСАЛТЫР 101 - Біблія (пераклад В. Сёмухі)Пс 101 1 Малітва спрагненага, калі ён смуткуе і вылівае прад Госпадам скруху сваю. 2 Госпадзе! пачуй малітву маю, і енк мой хай дойдзе да Цябе. 3 Не хавай аблічча Твайго ад мяне; у дзень смутку майго прыхілі да мяне вуха Тваё; у дзень, калі паклічу Цябе, адразу пачуй мяне. 4 Бо зьніклі, як дым, дні мае, і косткі мае абпаленыя, як галавешка; 5 сэрца маё ўражанае, і высахла, як трава, аж я забываюся есьці мой хлеб; 6 ад голасу стогну майго косткі мае прысталі да плоці маёй. 7 Я стаў падобны да пелікана ў пустыні; я зрабіўся як сыч у руінах; 8 ня сплю і сяджу, як адзінокая птушка на даху. 9 Кожны дзень клянуць мяне ворагі мае, і неабольнікі мае ганяць мяне. 10 Я попел ем замест хлеба, і пітво маё разбаўляю сьлязьмі, 11 ад гневу Твайго і абурэньня Твайго; бо Ты ўзвысіў мяне і скінуў мяне. 12 Дні мае быццам цень, які ўхіляецца; і я высах, быццам трава. 13 Ты ж, Госпадзе, вечна жывеш, і памяць пра Цябе з роду ў род. 14 Ты паўстанеш, умілажалішся з Сіёна? бо час літаваць яго, бо прысьпеў час; 15 бо рабы Твае палюбілі і каменьне ягонае, і попел ягоны шкадуюць. 16 І збаяцца народы імя Гасподняга, і ўсе цары зямныя - славы Тваёй. 17 Бо збудуе Гасподзь Сіён, і зьявіцца ў славе Сваёй; 18 паглядзіць на малітву бездапаможных, і не пагардзіць малітваю іхняй. 19 Пра гэта напісана будзе роду наступнаму, і пакаленьне наступнае ўславіць Госпада, 20 бо Ён прынік са святой гары Сваёй; зь нябёсаў глянуў Гасподзь на зямлю, 21 каб пачуць стогны вязьняў, раскаваць сыноў сьмерці, 22 каб абвяшчалі на Сіёне імя Гасподняе, і славу Яму - у Ерусаліме, 23 калі зьбяруцца народы разам і царствы служыць Госпаду. 24 Стаміў Ён на шляху сілу маю, скараціў дні мае. 25 Я сказаў: Божа мой! не забяры мяне на палавіне дзён маіх. Твае гады ў роды родаў. 26 На пачатку Ты, Госпадзе, заснаваў зямлю, і нябёсы - дзея рук Тваіх; 27 яны загінуць, а Ты застанешся; і ўсе яны, як рыза, спарахнеюць, і, як адзеньне, Ты пераменіш іх, - і зьменяцца; 28 але Ты - той самы, і гады Твае ня скончацца. 29 Сыны рабоў Тваіх будуць жыць, і семя іхняе ўмацуецца прад абліччам Тваім. |