Biblia Todo Logo
Біблія онлайн
- Аб'явы -

ПЛАЧ 5 - Біблія (пераклад В. Сёмухі)


Плач 5

1 Успомні, Госпадзе, што над намі зьдзейсьнілася; паглядзі, падзівіся на паганьбеньне нашае:

2 спадчына нашая перайшла да чужых, дамы нашыя - да іншапляменцаў;

3 Мы асірацелі, бяз бацькі; маці нашыя - аўдавелі.

4 Ваду сваю п'ем за срэбра, дровы нашыя нам за грошы даюць.

5 Нас паганяюць у карак, мы працуем - і ня маем спачыну.

6 Працягваем руку да Егіпцянаў, да Асірыянаў, каб наесьціся хлеба.

7 Бацькі нашыя грэшнікі: іх больш няма, а мы кару нясем за беззаконьні іхнія.

8 Рабы пануюць над намі, і няма каму выбавіць з-пад рукі іхняй.

9 Свой хлеб здабываем з пагрозай жыцьцю ад меча.

10 Счарнела, як печ, нашая скура ад пякучага голаду

11 Жанок на Сіёне няславяць, дзяўчат - у гарадах Юдэйскіх.

12 Князі павешаны рукамі іхнімі, абліччы старцаў не ўшанаваны.

13 Юнакоў бяруць да жорнаў, і падлеткі падаюць пад ношкамі дроў.

14 Старцы не сядзяць больш каля варотаў; хлапцы не сьпяваюць.

15 Аціхла радасьць сэрца нашага: карагоды нашыя ў енк абярнуліся.

16 Упаў вянок з галавы нашай; гора нам, што мы зграшылі!

17 Ад гэтага вось зьнемаглося нашае сэрца; ад гэтага нашыя вочы зацьміліся.

18 Ад таго, што апусьцела гара Сіён, лісы ходзяць па ёй.

19 Ты, Госпадзе, жывеш вечна; трон твой - род у род.

20 Дзеля чаго зусім забываеш нас, пакідаеш на доўгі час?

21 Навярні нас да Цябе, Госпадзе, і мы навернемся; абнаві дні нашыя, як спрадвеку было.

22 Няўжо ты зусім адкінуў нас, прагневаўся на нас бязь меры?

Сачыце за намі:



Аб'явы