Biblia Todo Logo
Біблія онлайн
- Аб'явы -

ПЛАЧ 3 - Біблія (пераклад В. Сёмухі)


Плач 3

1 Я чалавек, які зьведаў гора ад жазла Твайго гневу:

2 Ён павёў мяне і ўвёў у цемру, а не ў сьвятло.

3 Толькі супроць мяне Ён зьвяртае руку Сваю кожнага дня;

4 выснажыў плоць маю і скуру маю, паламаў мае косьці;

5 абгарадзіў мяне і абклаў горыччу і цяготаю;

6 пасадзіў мяне ў цёмнае месца, як даўно памерлых;

7 акружыў мяне мурам, каб я ня выйшаў, уцяжыў аковы мае,

8 і хоць я клічу і енчу, нячулы Ён да малітвы маёй;

9 крушнямі загарадзіў мне дарогі, скрывіў сьцежкі мае.

10 Ён мне стаўся як бы мядзьведзь у засадзе, як бы леў у патайным месцы;

11 скрывіў дарогі мае і разарваў мяне, у нівеч абярнуў мяне;

12 напяў лук Свой і паставіў мяне як бы цэлем пад стрэлы;

13 паслаў у ныркі мае стрэлы з калчана Свайго.

14 Я зрабіўся пасьмешышчам усяму народу майму, штодзённаю скрушлівай песняй яго.

15 Ён насыціў мяне горыччу, напаіў мяне палыном;

16 скрышыў камянямі зубы мае, пасыпаў мяне попелам.

17 І адышоў спакой ад душы маёй; я забыўся пра шчасныя дні,

18 і сказаў я: загінула сіла мая і надзея мая на Госпада.

19 Падумай пра цярпеньні мае, пра гароту маю, пра жоўць і палын.

20 Цвёрда памятае гэта душа мая і ападае ўва мне.

21 Вось, што я адказваю сэрцу майму і таму спадзяюся:

22 зь міласьці Госпада мы ня зьніклі, бо ня вычарпаўся Яго мілажаль:

23 ён абнаўляецца кожнае раніцы; вялікая вернасьць Твая!

24 Гасподзь частка мая, кажа душа мая, спадзявацьмуся ж на Яго.

25 Добры Гасподзь з тымі, што на Яго спадзяюцца, з душою, якая шукае Яго.

26 Добра таму, хто цярпліва чакае ратунку ад Госпада.

27 Добра чалавеку, калі ён нясе ярмо ў маладосьці сваёй;

28 сядзіць адасоблена і маўчыць, бо Ён ярмо наклаў на яго;

29 кладзе вусны свае ў пыл, думаючы: «магчыма, яшчэ ёсьць надзея»;

30 падстаўляе шчаку сваю таму, хто яго б'е, здавальняецца ганьбаваньнем,

31 бо не навек пакідае Гасподзь.

32 Але паслаў гора, і ўмілажаліцца зь вялікай даброці Сваёй.

33 Бо Ён не па волі сэрца Свайго карае і засмучае сыноў чалавечых.

34 Але калі топчуць нагамі сваімі ўсіх вязьняў зямлі,

35 калі несправядліва судзяць чалавека перад абліччам Усявышняга,

36 калі чалавека ўціскаюць у дзеях ягоных: хіба ня бачыць Гасподзь?

37 Хто гэта кажа: «І тое бывае, чаму Гасподзь не загадаў быць»?

38 Ці не ад вуснаў Усявышняга адбываецца бедства і посьпех?

39 Навошта наракае чалавек жывы? кожны хай наракае на грахі свае.

40 Выпрабуем і дасьледуем шляхі свае, і зьвернемся да Госпада.

41 Узьнясём сэрца наша і рукі да Бога, сутнага на нябёсах:

42 мы адпалі і ўпарціліся; Ты ня зьлітаваўся:

43 Ты пакрыў Сябе гневам і перасьледаваў нас, забіваў, не шкадуючы;

44 Ты засланіў сябе хмарай, каб не даходзіла наша малітва;

45 сьмецьцем і мярзотаю Ты зрабіў нас сярод народаў.

46 Разьзявілі на нас пашчу сваю ўсе ворагі нашы.

47 Жудасьць і яма, спусташэньне і разбурэньне - доля наша.

48 Патокі водаў вылівае вока маё па пагібелі дачкі народа майго.

49 Вока маё выліваецца і не перасыхае, бо палёгкі няма,

50 пакуль ня ўгледзіць і ня ўбачыць Гасподзь зь нябёсаў.

51 Вока маё засмучае душу маю дзеля ўсіх дочак майго горада.

52 Па ўсякаму сіліліся вылавіць мяне, як птушку, ворагі мае, бязь ніякай прычыны;

53 укінулі жыцьцё маё ў яму і закідалі мяне камянямі.

54 Воды падняліся да галавы маёй; я сказаў: «загінуў я».

55 Я заклікаў імя Тваё, Госпадзе, зь ямы глыбокай.

56 Ты чуў голас мой; не затулі Тваё вуха ад уздыханьня майго, ад енку майго!

57 Ты набліжаўся, калі я клікаў Цябе, і казаў: ня бойся!

58 Ты абараняў, Госпадзе, дзеі душы маёй; акупляў жыцьцё маё.

59 Ты бачыш, Госпадзе, крыўду маю; рассудзі справу маю.

60 Ты бачыш усю помсьлівасьць іхнюю, усе намыслы іхнія супраць мяне;

61 Ты чуеш, Госпадзе, лаянку іхнюю, усе намыслы іхнія супраць мяне,

62 словы тых, што паўстаюць на мяне, і іхнія хітраваньні супроць мяне дзень у дзень.

63 Паглядзі, ці сядзяць яны, а ці ўстаюць, я для іх - песьня.

64 Аддай ім, Госпадзе, паводле дзеяў рук іхніх;

65 пашлі ім памрочышча сэрца і пракляцьце Тваё на іх;

66 перасьледуй іх, Госпадзе, гневам тваім, і вынішчы іх з паднябеснай.

Сачыце за намі:



Аб'явы