Biblia Todo Logo
Біблія онлайн
- Аб'явы -

ПІЛІПЯНАЎ 3 - Біблія (пераклад В. Сёмухі)


Плп 3

1 У астатнім, браты мае, радуйцеся ў Госпадзе. Пісаць вам пра гэта самае мне ня цяжка, а вам карысна.

2 Пільнуйцеся ад сабак, пільнуйцеся ад ліхіх дзеячаў, пільнуйцеся ад абразаньня;

3 бо абразаньне - мы, калі служым Богу духам і хвалімся Хрыстом Ісусам, і не на плоць спадзяёмся;

4 хоць я магу спадзявацца і на плоць. Калі хто іншы думае пакласьціся на плоць, дык тым болей я,

5 абрэзаны на восьмы дзень, з роду Ізраілевага, калена Веньямінавага, Габрэй ад Габрэяў, паводле закона - фарысэй,

6 а ў руплівасьці - ганіцель царквы Божай, па праўдзе закона - беззаганны.

7 Але што мне было перавагаю, тое дзеля Хрыста я палічыў марнасьцю.

8 Ды і ўсё лічу марнасьцю дзеля перавагі пазнаньня Хрыста Ісуса, Госпада майго: дзеля Яго я ад усяго адмовіўся, і ўсё лічу сьмецьцем, каб здабыць Хрыста,

9 і знайсьці сябе ў Ім не з маёю праведнасьцю, якая ад закона, а з тою, якая празь веру ў Хрыста, з праведнасьцю ад Бога па веры;

10 каб спазнаць Яго, і сілу ўваскрэсеньня Ягонага, і мець удзел у пакутах Ягоных, прыпадобніцца да Яго ў сьмерці,

11 каб дасягнуць уваскрэсеньня зь мёртвых.

12 Ня тое, каб я ўжо дасягнуў мэты, альбо ўдасканаліўся; але прагну, а ці не дасягну і я, як дасягнуў мяне Хрыстос Ісус.

13 Браты, я ня лічу, што я ўжо дасягнуў; а толькі, забываючы тое, што ўжо за мною, і сягаючы наперад,

14 імкнуся да мэты, да гонару вышэйшага пакліканьня Божага ў Хрысьце Ісусе.

15 І вось, хто з нас дасканалы, так і мусіць думаць; калі ж вы пра што іначай думаеце, дык і гэта Бог вам прасьветліць.

16 Тым часам, чаго б мы ні дасягнулі, так і павінны мысьліць і паводле таго правіла жыць.

17 Пераймайце, браты, мяне і дзівецеся на тых, якія робяць згодна з прыкладам, які маеце ў нас.

18 Бо многія, пра каго я часта казаў вам, а цяпер нават са сьлязьмі кажу, робяць, як ворагі крыжа Хрыстовага;

19 іхні канец - пагібель, іхні бог - чэрава, і слава іхняя - у ганьбе: яны думаюць пра зямное.

20 А нашае жыцьцё - на нябёсах, адкуль мы чакаем і Збаўцу, Госпада нашага Ісуса Хрыста,

21 Які нашае паганьбёнае цела пераўтворыць так, што яно прыпадобніцца праслаўленаму Целу Ягонаму, станецца сілаю, якою Ён дзейнічае і ўпакорвае Сабе ўсё.

Сачыце за намі:



Аб'явы