Biblia Todo Logo
Біблія онлайн
- Аб'явы -

МАЦЬВЕЯ 8 - Біблія (пераклад В. Сёмухі)


Мц 8

1 Калі Ён сышоў з гары, за Ім сьледам пайшло мноства людзей.

2 І вось, падышоў пракажоны і, кланяючыся Яму, сказаў: Госпадзе! калі хочаш, можаш мяне ачысьціць.

3 Ісус, працягнуўшы руку, дакрануўся да яго і сказаў: хачу, ачысьціся. І адразу ачысьціўся той ад праказы.

4 І кажа яму Ісус: глядзі, не кажы нікому; але ідзі, пакажыся сьвятару, і прынясі дар, аб якім загадаў Майсей, на сьведчаньне ім.

5 Калі ж увайшоў Ісус у Капернаум, падышоў да Яго сотнік і папрасіў у Яго:

6 Госпадзе! слуга мой ляжыць дома ў паралічы і моцна пакутуе,

7 Ісус кажа яму: Я прыйду і ацалю яго.

8 А сотнік сказаў Яму ў адказ: Госпадзе! я ня варты, каб Ты ўвайшоў пад мой дах; але скажы толькі слова, і выздаравее слуга мой;

9 бо і я чалавек падуладны; і, маючы ў сябе ў падначаленьні вояў, кажу аднаму: «ідзі», і прыходзіць; і слузе майму: «зрабі тое», і робіць.

10 Пачуўшы гэта, Ісус зьдзівіўся і сказаў тым, што ішлі за Ім: праўду кажу вам: і ў Ізраілі не знайшоў Я такое веры.

11 Кажу ж вам, што многія з усходу і з захаду прыйдуць і ўзьлягуць з Абрагамам, Ісаакам і Якавам у Царстве Нябесным;

12 а сыны царства будуць выкінуты ў цемру вонкавую, там будзе плач і скрыгат зубоў.

13 І сказаў Ісус сотніку: ідзі, і, як ты вераваў, хай будзе табе. І выздаравеў слуга ягоны ў тую ж гадзіну.

14 Прыйшоўшы ў дом Пятра, Ісус убачыў цешчу ягоную, якая ляжала ў гарачцы,

15 і дакрануўся да рукі яе, і пакінула яе гарачка; і ўстала яна і слугавала ім.

16 Калі ж зьвечарэла, прывялі да Яго многа людзей, апанаваных дэманамі: і Ён выгнаў духаў словам і ўсіх нядужых ацаліў;

17 каб збылося сказанае праз прарока Ісаю, які кажа: «Ён узяў на Сябе нашы немачы, і хваробы панёс».

18 Калі ж Ісус убачыў вакол Сябе мноства люду, загадаў вучням адплысьці на той бок.

19 І адзін кніжнік, падышоўшы, сказаў Яму: Настаўнік! я пайду за Табою, куды б Ты ні пайшоў.

20 І кажа яму Ісус: лісы маюць норы, і птушкі нябесныя гнёзды; а Сын Чалавечы ня мае, дзе прыхіліць галаву.

21 А другі, з вучняў, сказаў Яму: Госпадзе, дазволь мне сьпярша пайсьці і пахаваць майго бацьку.

22 Але Ісус сказаў яму: ідзі за Мною, і пакінь мёртвым хаваць сваіх памерлых.

23 І калі ўвайшоў Ён у лодку, увайшлі за Ім вучні Ягоныя.

24 І вось, бура вялікая сталася на моры, ажно лодку захліствалі хвалі; а Ён спаў.

25 І вучні Ягоныя, падышоўшы да Яго, разбудзілі Яго і сказалі: Госпадзе! ратуй нас, гінем.

26 І кажа ім: чаго вы спалохаліся, малаверы? Тады, устаўшы, забараніў вятрам і мору, і сталася ціша вялікая.

27 А людзі, дзівуючыся, казалі: хто Гэты, што і вятры, і мора слухаюцца Яго?

28 І калі прыплыў Ён на другі бераг у краіну Гергесінскую, сустрэлі Яго, выйшаўшы з магіл, двое апанаваных дэманамі, вельмі лютыя, так што ніхто ня мог праходзіць тою дарогаю.

29 І вось, яны закрычалі: што Табе да нас, Ісусе, Сыне Божы? прыйшоў Ты сюды дачасна мучыць нас.

30 А зводдаль ад іх пасьвіўся вялікі гурт сьвіней.

31 І дэманы прасіліся ў Яго: калі выганіш нас, дык пашлі нас у гурт сьвіней.

32 І Ён сказаў ім: ідзеце. І выйшлі яны, і пайшлі ў гурт сьвіней. І вось, кінуўся ўвесь гурт сьвіны з урвішча ў мора і загінуў у вадзе.

33 А пастухі паўцякалі і, прыйшоўшы ў горад, расказалі пра ўсё, і пра апанаваных дэманамі.

34 І вось, увесь горад выйшаў на сустрэчу Ісусу; і, убачыўшы Яго, прасілі, каб Ён адышоў ад іх межаў.

Сачыце за намі:



Аб'явы