Biblia Todo Logo
Біблія онлайн
- Аб'явы -

МАЦЬВЕЯ 26 - Біблія (пераклад В. Сёмухі)


Мц 26

1 І сталася: калі прамовіў Ісус усе словы гэтыя, дык сказаў вучням Сваім:

2 вы ведаеце, што праз два дні Пасха будзе, і Сын Чалавечы выданы будзе на крыжаваньне.

3 Тады сабраліся першасьвятары і кніжнікі і старэйшыны народу ў двор першасьвятара, якога звалі Каяфа,

4 і дамовіліся ўзяць Ісуса хітрасьцю і забіць;

5 але казалі: толькі ня ў сьвята, каб ня сталася абурэньня ў народзе.

6 Калі ж Ісус быў у Віфаніі, у доме Сымона пракажонага,

7 прыступіла да Яго жанчына з алавастравай пасудзінай міра шматкаштоўнага і ліла яму на галаву, калі Ён узьляжаў за сталом.

8 Убачыўшы, вучні Ягоныя абурыліся і казалі: навошта такое марнатраўства?

9 бо можна было б прадаць гэтае міра за вялікія грошы і даць убогім.

10 Але Ісус, зразумеўшы гэта, сказаў ім: што бянтэжыце жанчыну? Яна добры ўчынак зрабіла дзеля Мяне;

11 бо заўсёды ўбогіх вы маеце пры сабе, а Мяне не заўсёды маеце;

12 бо, выліўшы гэтае міра на Цела Маё, яна падрыхтавала Мяне да пахаваньня;

13 праўду кажу вам: дзе ні будзе абвешчана Дабравесьце гэтае ў цэлым сьвеце, сказана будзе ў памяць яе і пра тое, што зрабіла яна.

14 Тады адзін з дванаццацёх, якога звалі Юда Іскарыёт, пайшоў да першасьвятароў

15 і сказаў: што вы дасьце мне, і я вам выдам Яго? Яны прапанавалі яму трыццаць срэбранікаў;

16 і з таго часу ён шукаў зручнай нагоды выдаць Яго.

17 У першы ж дзень праснакоў прыступілі вучні да Ісуса і сказалі яму: дзе хочаш, каб мы прыгатавалі Табе есьці пасху?

18 Ён жа сказаў: ідзеце ў горад да такога і такога і скажэце яму: «Настаўнік кажа: час мой блізкі, у цябе ўчыню пасху з вучнямі Маімі».

19 І зрабілі вучні, як загадаў ім Ісус, і прыгатавалі пасху.

20 Калі ж зьвечарэла, Ён узьлёг з дванаццацьцю вучнямі;

21 І калі яны елі, сказаў: праўду кажу вам, што адзін з вас выдасьць Мяне.

22 Яны вельмі засмуціліся і пачалі казаць Яму, кожны зь іх: ці ня я, Госпадзе?

23 А Ён сказаў у адказ: хто апусьціў са Мною руку ў місу, той выдасьць Мяне;

24 зрэшты, Сын Чалавечы ідзе, як пісана пра Яго; але гора таму чалавеку, якім Сын Чалавечы выдаецца: лепей было б чалавеку гэтаму не радзіцца.

25 У адказ жа Юда, які выдаў Яго, сказаў: ці ня я, Равьві? Ісус кажа яму: ты сказаў.

26 А калі яны елі: Ісус, узяўшы хлеб і дабраславіўшы, паламаў і, раздаючы вучням, сказаў: прымеце, ежце: гэта Цела Маё.

27 І ўзяўшы чару, і падзякаваўшы, падаў ім і сказаў: пеце зь яе ўсе;

28 бо гэта Кроў Мая новага запавету, за многіх праліваная дзеля дараваньня грахоў.

29 Кажу ж вам, што ад сёньня ня буду піць ад плоду гэтага вінаграднага да таго дня, калі буду піць з вамі новае віно ў Царстве Айца Майго.

30 І засьпяваўшы, пайшлі на гару Аліўную.

31 Тады кажа ім Ісус: усе вы запаняверыцеся ўва Мне ў гэтую ноч, бо напісана: «пакараю пастыра, і расьсеюцца авечкі».

32 А пасьля ўваскрэсеньня Майго сустрэну вас у Галілеі.

33 У адказ жа Пётр сказаў Яму: калі і ўсе запаняверацца ў Табе, я не запаняверуся.

34 Сказаў яму Ісус: праўду кажу табе, што гэтае ночы, перш чым засьпявае певень, тройчы адрачэшся ад Мяне.

35 Кажа Яму Пётр: хоць бы прыпала мне і памерці з Табою, не адракуся ад Цябе. Падобнае і ўсе вучні казалі.

36 Потым прыходзіць зь імі Ісус у мясьціну, званую Гефсіманія, і кажа вучням: пасядзеце тут, пакуль Я пайду, памалюся там.

37 І ўзяўшы Пятра і абодвух сыноў Зевядзеевых, пачаў смуткаваць і журыцца.

38 Тады кажа ім Ісус: душа Мая смуткуе да сьмерці; пабудзьце тут і чувайце са Мною.

39 І адышоўшы крыху, упаў на аблічча Сваё, маліўся і казаў: Войча Мой! калі магчыма, хай абміне Мяне чара гэтая: але не як Я хачу, а як Ты.

40 І прыходзіць да вучняў і застае, што яны сьпяць, і кажа Пятру: ці так не змаглі вы адну гадзіну чуваць са Мною?

41 чувайце і малецеся, каб не паддацца спакусе: дух бадзёры, а плоць нядужая.

42 Яшчэ, адышоўшы другі раз, маліўся, кажучы: Войча Мой! калі ня можа чара гэтая абмінуць Мяне, каб Мне ня піць яе, хай будзе воля Твая.

43 І прыйшоўшы, застаў, што зноў яны сьпяць, бо ў іх вочы ацяжэлі.

44 І пакінуўшы іх, адышоў зноў і памаліўся трэйці раз, тое самае слова сказаўшы.

45 Тады прыходзіць да вучняў Сваіх і кажа ім: вы ўсе яшчэ сьпіце і спачываеце; вось, наблізілася гадзіна, і Сын Чалавечы аддаецца ў рукі грэшнікаў;

46 устаньце, хадзем: вось наблізіўся той, хто прадае Мяне.

47 І калі яшчэ гаварыў Ён, вось, Юда, адзін з дванаццацёх, прыйшоў, і зь ім мноства людзей зь мечамі і каламі, ад першасьвятароў і старэйшын народных.

48 А хто выдаваў Яго, даў ім знак, кажучы: каго я пацалую, Той і ёсьць, вазьмеце Яго.

49 І, адразу падышоўшы да Ісуса, сказаў: радуйся, Равьві! І пацалаваў Яго.

50 Ісус жа сказаў яму: дружа, чаго ты прыйшоў? Тады падышлі, і паклалі рукі на Ісуса, і ўзялі Яго.

51 І вось, адзін з тых, што былі зь Ісусам, працягнуўшы руку, дастаў меч свой і, ударыўшы раба першасьвятаровага, адсек яму вуха.

52 Тады кажа яму Ісус: вярні меч твой у месца ягонае, бо ўсе, што возьмуць меч, ад мяча і загінуць;

53 альбо думаеш, што Я не магу цяпер упрасіць Айца Майго, і Ён дасьць Мне больш за дванаццаць легіёнаў анёлаў?

54 як жа збудуцца Пісаньні, што так павінна быць?

55 У тую гадзіну сказаў Ісус народу: быццам на разбойніка выйшлі вы зь мечамі і каламі ўзяць Мяне; кожны дзень з вамі сядзеў Я, вучачы ў храме, і вы ня бралі Мяне.

56 А ўсё гэта было, каб збыліся пісаньні прарокаў. Тады ўсе вучні, пакінуўшы Яго, паўцякалі.

57 А тыя, што ўзялі Ісуса, завялі Яго да Каяфы першасьвятара, куды сабраліся кніжнікі і старэйшыны.

58 А Пётр ішоў сьледам за Ім зводдаль, да двара першасьвятаровага і ўвайшоўшы ў сярэдзіну, сеў са слугамі, каб бачыць канец.

59 Першасьвятары і старэйшыны і ўвесь сынедрыён шукалі ілжывага сьведчаньня супроць Ісуса, каб аддаць Яго на сьмерць;

60 і не знаходзілі; і хоць шмат ілжывых сьведкаў прыходзіла, не знайшлі. Але нарэшце прыйшлі два лжывыя сьведкі

61 і сказалі: Ён казаў: «магу разбурыць храм Божы і за тры дні збудаваць яго».

62 І ўстаўшы, першасьвятар сказаў Яму: чаму нічога не адказваеш, што яны супроць Цябе сьведчаць?

63 А Ісус маўчаў. І першасьвятар сказаў Яму: заклінаю Цябе Богам жывым, скажы нам, ці Ты Хрыстос, Сын Божы?

64 Кажа яму Ісус: ты сказаў; нават маўляю вам: ад сёньня ўгледзіце Сына Чалавечага, што сядзіць праваруч сілы і ідзе на аблоках нябесных.

65 Тады першасьвятар разадраў адзеньне сваё і сказаў: Ён блюзьнерыць. Навошта яшчэ нам сьведкі? Вось, вы чулі блюзьнерства Ягонае!

66 Як вам здаецца? А яны сказалі ў адказ: варты сьмерці.

67 Тады плявалі Яму ў твар і тузалі Яго; а іншыя білі па шчоках

68 і казалі: скажы нам, Хрысьце, хто ўдарыў Цябе?

69 А Пётр сядзеў звонку на дварэ. І падышла да яго адна служанка і сказала: і ты быў зь Ісусам Галілеянінам.

70 Але ён адрокся перад усімі, сказаўшы: ня ведаю, што ты кажаш.

71 А калі ён выходзіў за браму, убачыла яго другая, і кажа тым, што былі там: і гэты быў зь Ісусам Назарэем.

72 І зноў адрокся ён, прысягнуўшы: я ня ведаю Гэтага Чалавека.

73 Крыху пазьней падышлі тыя, што стаялі, і сказалі Пятру: сапраўды і ты зь іх, бо і гаворка твая выдае цябе.

74 Тады ён пачаў прысягаць і бажыцца: я ня ведаю Гэтага Чалавека. І тут жа засьпяваў певень.

75 І згадаў Пётр словы, сказаныя яму Ісусам: перш чым засьпявае певень, тройчы адрачэшся ад Мяне. І выйшаўшы вонкі, плакаў горка.

Сачыце за намі:



Аб'явы