Biblia Todo Logo
Біблія онлайн

- Аб'явы -

ЛЯВІТ 7 - Біблія (пераклад В. Сёмухі)


Ляв 7

1 І вось закон пра ахвяру павіннасьці: гэта вялікая сьвятыня;

2 ахвяру павіннасьці трэба калоць на тым месцы, дзе заколваецца цэласпаленьне, і крывёю яе крапіць на ахвярнік з усіх бакоў:

3 ахвяравальнік павінен прынесьці зь яе ўвесь тлушч, курдзюк і лой які пакрывае вантробы,

4 і абедзьве ныркі і лой, што на іх, які на сьцёгнах, і сальнік, што на печані; з ныркамі хай ён аддзеліць гэта:

5 і спаліць гэта сьвятар на ахвярніку ў ахвяру Госпаду; гэта ахвяра за віну.

6 Увесь мужчынскі пол сьвятарскага роду можа есьці яе; на сьвятым месцы павінен есьці яе: гэта вялікая сьвятыня.

7 Як пра ахвяру за грэх, так і пра ахвяру за віну закон адзін: яна належыць сьвятару, які ачышчае ёю.

8 І калі сьвятар прыносіць чыю-небудзь ахвяру цэласпаленьня, скура ад ахвяры цэласпаленьня, якую ён прыносіць, належыць сьвятару;

9 і любое прынашэньне хлебнае, якое печанае ў печы, і любое гатаванае ў печы, і любое гатаванае ў горшчыку альбо на патэльні, належыць сьвятару, які прыносіць яго;

10 і ўсякае прынашэньне хлебнае, зьмяшанае з алеем і сухое, належыць усім сынам Ааронавым, як аднаму, так і другому.

11 Вось закон пра ахвяру мірную, якую прыносяць Госпаду:

12 калі хто ў падзяку прыносіць яе, дык пры ахвяры падзякі ён павінен прынесьці прэсныя хлябы, зьмяшаныя з алеем, і прэсныя ляпёшкі, памазаныя алеем, і пшанічную муку, насычаную алеем, хлябы, зьмяшаныя з алеем;

13 акрамя ляпёшак няхай ён прыносіць у прынашэньне сваё квашаны хлеб, пры мірнай ахвяры падзякі;

14 адно што-небудзь з усяго прынашэньня свайго няхай прынясе ён у парынашэньне Госпаду: гэта належыць сьвятару, які кропіць крывёю мірнай ахвяры;

15 мяса мірнай ахвяры падзякі трэба зьесьці ў дзень прынашэньня яе, нельга пакідаць зь яе да раніцы.

16 А калі хто прыносіць ахвяру па абяцаньні альбо ад руплівасьці, дык ахвяру яго трэба есьці ў дзень прынашэньня, і на другі дзень рэшту яе есьці можна,

17 а рэшту ахвярнага мяса да трэцяга дня трэба спаліць на агні;

18 а калі будуць есьці мяса мірнай ахвяры на трэці дзень, дык яна ня будзе спрыяльная: хто яе прынясе, таму не залічыцца: гэта апаганьваньне, і хто будзе есьці яе, той прыме на сябе грэх;

19 мяса ад гэтага, калі яно дакранецца да чаго-небудзь нячыстага, нельга есьці, а трэба спаліць яго на агні, а мяса чыстае можа есьці кожны чысты:

20 а калі якая душа, маючы на сабе нячыстасьць, будзе есьці мяса мірнай ахвяры Гасподняй, дык зьнішчыцца душа тая з народу свайго;

21 а калі якая душа, дакрануўшыся да чаго-небудзь нячыстага, да нячыстасьці чалавечай, альбо да нячыстага быдла, альбо да якога-небудзь нячыстага гада, будзе есьці мяса мірнай ахвяры Гасподняй, дык зьнішчыцца душа тая з народу свайго.

22 І наказаў Гасподзь Майсею сказаць:

23 скажы сынам Ізраілевым, ніякага тлушчу ні з вала, ні з авечкі, ні з казла ня ежце;

24 тлушч зь мёртвага і тлушч з разадранага зьверам можна ўжываць на ўсякую справу; а есьці, ня ежце яго:

25 бо хто будзе есьці тлушч з быдла, якое прыносіцца ў ахвяру Госпаду, зьнішчыцца душа тая з народу свайго;

26 і ніякай крыві ня ежце ва ўсіх селішчах вашых ні з птушак, ні з быдла;

27 а хто будзе есьці якую-небудзь кроў, зьнішчыцца душа тая з народу свайго.

28 І наказаў Гасподзь Майсею сказаць:

29 скажы сынам Ізраілевым: хто прыносіць мірную ахвяру сваю Госпаду, той зь мірнай ахвяры частку павінен прынесьці ў прынашэньне Госпаду;

30 сваімі рукамі павінен ён прынесьці ў ахвяру Госпаду: тлушч з грудзінай павінен ён прынесьці ў ахвяру Госпаду: тлушч з грудзінай павінен ён прынесьці, патрасаючы грудзінай перад абліччам Гасподнім;

31 тлушч спаліць сьвятар на ахвярніку, а грудзіна належыць Аарону і сынам ягоным;

32 і правы плячук, як паднашэньне, зь мірных ахвяраў вашых аддавайце сьвятару:

33 хто з сыноў Ааронавых прыносіць кроў зь мірнай ахвяры і тлушч, таму і правая лапатка на долю;

34 бо Я бяру ад сыноў Ізраілевых зь мірных ахвяраў іхніх грудзіну патрасаньня і плячук паднашэньня, і аддаю іх Аарону сьвятару і сынам ягоным як вечную дзялянку ад сыноў Ізраілевых.

35 Вось дзялянка Аарону і дзялянка сынам ягоным з ахвяраў Гасподніх з дня, калі яны стануць прад Госпадам дзеля сьвяшчэнадзеяньня,

36 якое загадаў Гасподзь даваць ім з дня памазаньня іх ад сыноў Ізраілевых. Гэта вечная пастанова ў роды іхнія.

37 Вось закон пра цэласпаленьне, пра прынашэньне хлебнае, пра ахвяру за грэх, пра ахвяру за віну, пра ахвяру прысьвячэньня і пра ахвяру мірную,

38 які даў Гасподзь Майсею на гары Сінай, калі загадаў сынам Ізраілевым, у пустыні Сінайскай, прыносіць Госпаду прынашэньні іхнія.

Сачыце за намі:



Аб'явы